За перайменаванне ў Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў падпісалася 640 чалавек


Подпісы перадалі мясцовым уладам.

Збор подпісаў ініцыяваў месяц таму каардынатар руху «За свабоду» ў Менскай вобласці Віталь Амяльковіч.

Падпісацца пад петыцыяй можна было да 1 лютага на рэсурсе zvarot.by. За ўвесь час прапанову падтрымаў 641 чалавек. У сераду подпісы перадалі гарадскім уладам.

У звароце падкрэслівалася, што менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча, у якім засядала рада Слуцку, і дзе прынялі гістарычнае рашэнне пра пачатак барацьбы супраць расейскай Чырвонай арміі.

«Случчакі і я асабіста, усе тыя неабыякавыя людзі, якім важна захаваць памяць пра падзеі Слуцкага збройнага чыну, якія паважаюць свядомых Выбар герояў Нашай Бацькаўшчыны, усе мы вельмі ўдзячныя тым, хто падтрымаў кампанію», – цытуе Амяльковіча прэсавая служба руху «За свабоду».

Паводле Амяльковіча, збор подпісаў у інтэрнэце – толькі адна з частак вялікай кампаніі, што працягнецца «нават пры адмоўным рашэнні гарадскіх уладаў».

Амяльковіч лічыць, што вуліца Слуцкіх Паўстанцаў абавязкова з’явіцца ў горадзе.

ДД

Стужка навінаў