Лукашэнка пра Кныровіча: «Злодзей павінен сядзець у турме» (адноўлена)


Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў затрыманне бізнесоўца Аляксандра Кныровіча.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на недапушчальнасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. У гэтай сувязі ён пракаментаваў інфармацыю аб затрыманні вядомага бізнесоўца і блогера, заснавальніка групы кампаніяў «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча.

«Гэтае пытанне было на кантролі, і я даручыў без усялякіх адтэрміновак і боязі раскруціць яго. Як акунуліся – там сотні тысяч долараў круцяцца. Выявілі ўсю цёмную бухгалтэрыю. Самае галоўнае, ён жа цяпер плачацца аб памілаванні, гатовы кампенсаваць шкоду, прызнае сваю віну. Спагады да жулікаў ніякай не будзе. Злодзей павінен сядзець у турме – вось такую рэзалюцыю я наклаў на даклад старшыні Камітэту дзяржбяспекі. Усе, хто да гэтага датычны, будуць сядзець», – падкрэсліў Лукашэнка.

Прыкметна, што Аляксандр Кныровіч ацаніў кошт рэзідэнцыі ў Шаршунах, у якой, паводле мясцовых жыхароў, адпачывае кіраўнік дзяржавы. Матэрыял на «Белсаце» выйшаў на мінулым тыдні. Цяпер грошы бізнесоўца «лічыць» дзяржбяспека.

КДБ Беларусі раскрыў падрабязнасці справы Кныровіча

Пры атрыманні чарговых хабараў на агульную суму больш за Br 20 тыс. 24-26 студзеня 2017 году з доказамі злачынства затрыманыя кіраўнікі і службовыя асобы РУП «Брэстэнерга»,  ГУПП «Бярозаўскае ЖКГ», УПТК КУП «Брэстжылбуд», КВУП «Гомельаблцепласеці», паведамляе belta.by.. Затрыманы дырэктар ТАА «Аншанс Плюс», які прадстаўляў на біржы інтарэсы КВУП «Гомельаблцепласеці» і РУП «Свіслацкае ЖКГ».

Намеснікі Аляксандра Кныровіча па камерцыйных пытаннях і па фінансах і эканоміцы, якія арганізавалі перадачу хабару, прыцягнутыя да адказнасці па артыкуле 431 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Паводле belta.by, усяго затрымана і змешчана пад варту ў СІЗА КДБ 11 чалавек. Усе прызналі віну.

Па версіі КДБ, адна з кампаніяў спадара Кныровіча забяспечвала правядзенне заказных біржавых таргоў. Супрацоўнікі «СарматТэрма-Інжынірынг» дамаўляліся з кіраўнікамі і  службовымі асобамі прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацыяў энергетыкі, і арганізоўвалі ценявыя тэндары. Пры гэтым сумы «адкатаў» закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі. Паводле КДБ, завышаная цана якой улічвалася пры фармаванні камунальных тарыфаў, што сведчыць пра тое, што хабары службовых асобаў пакрываліся за кошт насельніцтва. За апошнія два гады фірма «СарматТэрма-Інжынірынг» паставіла дзяржструктурам труб на Br 90 млн.



ВД, паводле belta.by

 

Стужка навінаў