Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў, які з’яўляецца адным з вакалістаў гурта «Dzieciuki», распачаў працу над запісам сольнага акустычнага альбому пад назва. «Кароткая гісторыя Беларусі» на вершы паэта Алеся Чобата. Музыка распавёў Belsat.eu пра суполную працу з Чобатам ды пра тое, якім будзе новы альбом.
Алесь Дзянісаў не так даўно пачаў пісаць песні на вершы паэта: «Адзінкавыя вершы Чобата траплялі мне гадоў 15 – 10 таму назад, але ніколі не было думкі, каб зрабіць песні. Грунтоўна з творчасцю Чобата я пазнаёміўся дзесьці тры гады таму, вось тады і з’явілася частка песень на яго вершы». – адзначае Алесь.
«Некаторыя песні ён успрыняў вельмі блізка, чаго тут ужо хаваць. Вось ёсць песня «Край мой шчаслівы». Яна вельмі асабістая – і ён плакаў! Плакаў, калі слухаў гэтую песню. Для мяне гэта моцны паказнік. Ягонымі словамі праз сваю музыку я дакрануўся да яго сэрца. Хіба гэта і было блізкае адлюстраванне таго, што ён магчыма хацеў пачуць, калі ягоныя вершы спалучыліся з музыкай?».
Алесь Дзянісаў зазначае, што для Чобата вельмі важна, каб у песнях выразна было чуваць словы, што і ўдалося рэалізаваць.
Дарэчы, гэта не першы выпадак сумеснай супрацы музыкі Дзянісава ды паэта Чобата. У 2014 годзе Алесь Дзянісаў разам з Валерам Руселікам стварылі кліп на песню «Турма», што на верш Чобата. Паэт жа непасрэдна браў удзел у здымках кліпа. А фолк-панкі «Dzieciuki», дзе Дзянісаў з’яўляецца адным з вакалістаў, у сваім другім альбоме пад назвай «Рэха» прадставілі дзве песні на вершы Чобата: «Станіслаў Панятоўскі» ды «Эпілог».
Аўтарам вокладкі да «Кароткай гісторыі Беларусі» цалкам верагодна будзе знакаміты гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч, які з’яўляецца аматарам творчасці Алеся Чобата. Але спачатку мастаку трэба азнаёміцца з песнямі.
Альбом з’явіцца ў сеціве і кожны ахвотны зможа яго паслухаць. На дадзены момант дакладная дата выхаду альбома невядомая, але Алесь Дзянісаў запэўнівае: «Мы будзем старацца каб гэты альбом выйшаў як мага хутчэй».
Глядзіце ўсе фота:
Мікола Дзямідаў belsat.eu