Менскія пенсіянеры атрымалі ліпавыя «лісты шчасця»


Жыхары вуліцаў Ангарскай і Несцерава ў Менску атрымалі паштовыя паведамленні «з падаткавай». Пенсіянерак залічылі да дармаедаў.

Гэтак, 78-гадовая пенсіянерка з Ніна Курловіч атрымала паведамленне на бланку аб заказным адпраўленні пісьмовай карэспандэнцыі. На ім былі ўказаныя яе адрас, імя з ініцыяламі. У графе «ад каго» значылася: падаткі.

«Я самлела нават. Ні лецішча, ні машыны, ніякай маёмасці ў мяне няма. А таму падумала – гэта, напэўна, падатак на дармаедства, пра які казалі ўчора ў навінах і паведамлялі пра нейкія змены», – кажа карэспандэнту пенсіянерка.

Спадарыня Курловіч патэлефанавала ў падатковую інспекцыю Заводскага раёну, дзе яе пытанню вельмі здзівіліся, бо ніякіх паведамленняў не дасылалі. Далей жанчына дазванілася ў паштовае аддзяленне №47, якое абслугоўвае яе дом, і папрасіла прынесці дасланую карэспандэнцыю дадому. Працаўнікі пошты адказалі, што ёй нічога не мелася прыходзіць.

У аддзяленні РУП «Белпошта» №47 кажуць, што да іх звяртаюцца расхваляваныя пенсіянеры яшчэ з мінулай пятніцы. Усе яны атрымалі падобныя паведамленні.

«Чатыры асобы прыйшлі за заказным лістом з такімі паперкамі. Глядзім, у сістэме сачэння названай карэспандэнцыі няма. Тут жа канфіскавалі паведамленні і далажылі кіраўніцтву. Я з такім цудам увогуле ўпершыню сутыкнулася. Прапрацавала ўсё жыццё ў Берасцейскай вобласці, нідзе такога не бачыла», – каментуе начальнік аддзялення Любоў Шыняўская.

Атрыманыя асобнікі фальшывых паведамленняў паштавікі даслалі ў цэнтральны апарат РУП «Белпошта» для правядзення службовага расследавання.

Чытайце таксама:

ВД, паводле sb.by

Стужка навінаў