«Кошт камуналкі ў наступным годзе можа павялічыцца на 80 рублёў»


Тарыфы на ЖКГ не падвышаюцца, не гледзячы нават на тое, што замест планаваных 50 % мы плацім усе 60 % ад іх кошту, інфармуюць улады. Паводле віцэ-прэмʼера Анатоля Калініна, сакрэт «камунальнага цуду» – у змяншэнні выдаткаў, у выніку чаго нават удалося ашчадзіць сёлета 255 мільёнаў рублёў.

А таму, лічаць улады, камуналку можна і трэба падвышаць. Налета беларусам давядзецца аплочваць ужо 75 % кошту паслугаў ЖКГ. Штопраўда, папярэджваюць эксперты, падаражэнне можа быць і значна большае за заяўленыя раней Лукашэнкам $ 5. Паводле разлікаў кіраўніка праекту «Кошт ураду» Уладзіміра Кавалкіна, пасля Новага года камуналка можа «падрасці» нават на 80 рублёў. То бок плюс 800 тысяч недэнамінаваных «зайчыкаў».

Стваральнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін адзначыў, што паводле пагаднення ўраду Беларусі і Міжнароднага валютнага фонду, насельніцтва мусіць плаціць за камунальныя паслугі 50 % іх кошту да канца гэтага года, а 100 % трэба будзе плаціць да канца наступнага года. Калі 50 % ад кошту камунальных паслуг за двухпакаёвую кватэру – гэта прыблізна $ 40, то праз год 100 % кошту – гэта будзе каля $ 80.

Паводле спадара Кавалкіна, урад будзе старацца таксама знізіць сабекошт, каб крыху зменшыць цану камунальных паслуг.

«Зноў жа гэтая эканомія будзе звязаная з тым, што ўрад будзе адмаўляцца ад выканання паслуг і працаў, якія праводзіліся раней. Прасцей кажучы, радзей рамонты будуць праводзіць, горш будуць прыбіраць вуліцы і гэтак далей», – заўважыў госць «Белсату».

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu