«Асцярожна пакрытыкаваў Расею». Аналіз сённяшняй прамовы Лукашэнкі


Часы нафты і газу мінаюць – заможнасць краіне прынясуць гаджэты, айфоны ды… плафоны. Гэтак Лукашэнка перад расейскімі журналістамі ацэньваў перспектывы развіцця Беларусі і ўсяго свету. «Абсалютна давярыцельны дыялог», як назваў яго кіраўнік краіны, цягнуўся крыху менш за шэсць гадзінаў.

Лукашэнка, як звычайна, ператварыў прэсавую канферэнцыю ў шоу, падчас якога, сярод іншага, распавядаў, як Якубовіч парася прадаваў, ды пра сына, якога прызналі за «каўказца». Адметна, што прэс-тур для расейскіх журналістаў неаднаразова пераносілі з месяца на месяц, а пасля ўвогуле – на нявызначаны тэрмін. Гэтым разам, упершыню, у мерапрыемстве бралі ўдзел чатыры федэральныя тэлеканалы Расеі. У «Гарачым каментары» – палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў.

«Лукашэнка хацеў правесці прэс-тур для расейскіх журналістаў да сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, якая прызначаная на 22 лістапада. Гэта ў пэўным сэнсе і вызначыла ягоныя выказванні, ва ўсялякім разе па інтэграцыйнай ды па расейскай праблеме.

На гэты раз у палітычным і стратэгічным сэнсе Аляксандр Лукашэнка выказваўся вельмі асцярожна. Ён так вельмі збоку крытыкаваў Расею, пры тым крытыкаваў неназваных алігархаў ці неназваных праціўнікаў інтэграцыі, хаця, безумоўна, гэта ўсё было накіравана на Крэмль.

Але нейкіх рэзкіх заяваў ён не дапускаў, бо ў сябе ў галаве меў на ўвазе сустрэчу з Пуціным», – заявіў Віталь Цыганкоў.

Больш – у відэа вышэй.