Расейскі фізік-ядравік: Зараз добры момант сказаць Расеі не будаваць ніякай АЭС


У далёкім ад Беларусі расейскім Новаваронежы адбыўся збой у абсталяванні новаадбудаванага атамнага рэактару. У выніку – частка электронікі патрабуе замены, а сам энергаблок – вялікага рамонту. Сярод прычынаў здарэння адмыслоўцы называюць дэфект у фактычна эксперыментальным абсталяванні. Што нам да Расеі, запытаеце вы? А справа ў тым, што такое ж абсталяванне пастаўленае і на Астравецкую АЭС у Беларусі.

Адметна, што небяспечную сітуацыю на расейскай АЭС «Росатам» прызнаў толькі цяпер, хоць аварыя была яшчэ тыдзень таму. Паводле расейскага фізіка-ядравіка Андрэя Ажароўскага, які на гэтую тэму сёння апублікаваў артыкул, найбольш забаўна выглядаюць цяпер словы кіраўніка «Росатаму». Той наведаў днямі будоўлю Беларускай АЭС ды хваліўся, што праект Астравецкай станцыі – гэта эталонны праект, які зрэалізаваны ўжо ў Расеі. Гендырэктар расейскай карпарацыі меў на ўвазе ўласна тую АЭС, якая тыдзень таму мела праблемы. У «Гарачым каментары» – Андрэй Ажароўскі.

«Нам усім у Расеі вельмі пашанцавала, што першая аварыя здарылася не на рэактары і што яна не звязаная з выкідам радыяцыі ў навакольнае асяроддзе. Працаздольнасць станцыі, якую рэкламавалі як «самую надзейную», працягнулася не больш за сем дзён», – заявіў эксперт.

Андрэй Ажароўскі мяркуе, што «наіўна чакаць праўды» ад «Росатома».

«Ніводная атамная станцыя не можа быць бяспечнай. Любая АЭС небяспечная, з небяспекай мы мірымся, бо нам патрэбная энергія. Але паглядзіце вакол: ёсць шмат больш танных і менш небяспечных спосабаў вытворчасці электраэнергіі», – адзначыў Андрэй Ажароўскі.

Госць «Гарачага каментару» патлумачыў, як можна дабіцца бяспечнага забеспячэння краіны электраэнергіяй:

«Вядома, гэта можна зрабіць, калі адмовіцца ад гэтай глупай задумы (будаўніцтва АЭС). А цяпер – пасля таго, як разбілі корпус рэактару – вельмі добры момант для гэтага. Вельмі добра сесці, задумацца, правесці аналіз і сказаць, каб Расея больш нічога не будавала. Можа, Беларусь нават зможа грошай ашчадзіць. Бо гэта глупства – у пазыку запісваць стварэнне такой пагрозы».