У ЗША ды іншых краінах трываюць пратэсты супраць Трампа


Два прэзідэнты ў Белым доме. У гэтыя хвіліны 44-ты прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Оўбама, які неўзабаве сыходзіць з пасады, сустракаецца з новаабраным 45-м прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. Тым часам па амерыканскіх вуліцах прайшлі тысячы пратэстоўцаў, не задаволеных вынікам прэзідэнцкіх выбараў.

Перамога Доналда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША не толькі стала шокам для, бадай, усяго свету, але і справакавала шматтысячныя пратэсты ва ўсёй краіне.

У Нью-Ёрку тысячы гараджанаў прайшліся маршам да Трамп-Таўэр – знакамітага хмарачоса, дзе месціцца выбарчы штаб мільярдэра і штаб-кватэра ягонай імперыі.

Жыхары Нью-Ёрку адзначаюць:

«Ён расіст, ён сексіст, ён неанацыст, і ён не заслугоўвае таго, каб працаваць у нашай краіне».

«Я пратэстую, каб вызваліць амерыканскі народ ад прыгнёту, ад жудаснага чалавека».

«Не мой прэзідэнт!»

Напярэдадні маршу нью-ёркскія праваахоўнікі заблакавалі праход да будынку хмарачосу цяжкавікамі з пяском. Аднак гэта не стала перашкодай для пратэстоўцаў.

Жыхары Нью-Ёрку падкрэсліваюць:

«Нягледзячы на тое, што мы не можам рэальна змяніць нешта, мы мусім прыняць тое, што адбылося. Але мы хочам, каб Трамп ведаў, што мы раззлаваныя».

«Я не ведаю, як людзі маглі прагаласаваць за гвалтаўніка. Ён мусіць сысці. Мы павінны абвесціць яму імпічмент».

Незадаволенасць і нязгоду з вынікамі выбараў выказваюць амерыканцы і ў іншых гарадах краіны. У Лос-Анджэлесе сотні маладзёнаў сабраліся каля Сіці-Голу, а ў Пенсільваніі студэнты рушылі маршам па вуліцах гораду.

Сабраліся пратэстоўцы і каля Белага Дому ў сталіцы Злучаных Штатаў.

У цэнтры гораду Сіетл, недалёка ад пратэстоўцаў, нават прагучала страляніна – каля пяці асобаў атрымалі раненні. Што праўда, праваахоўнікі не звязваюць інцыдэнту з акцыямі.

Пратэсты закранулі не толькі Злучаныя Штаты. У Лондане каля амерыканскай амбасады прайшоў антырасісцкі мітынг – таксама праз незадаволенасць вынікамі выбараў у ЗША. А на Філіпінах мясцовыя студэнты нават падпалілі фотаздымкі наступнага прэзідэнта Злучаных Штатаў.

Хіп Росас з Лігі філіпінскіх студэнтаў заўважыў: «Не важна, хто выйграў у іх выбары, бо не будзе аніякага іншага выніку, акрамя ўзмоцненага прыгнёту народу і рабавання нацыянальных рэсурсаў ва ўсім свеце. І цяпер, калі расіст Доналд Трамп стаў прэзідэнтам, ягоная антымусульманская, расісцкая рыторыка паказвае, што ЗША толькі ўмацуюць свае агрэсіўныя войны».

Падчас акцыяў пратэстоўцы не стрымлівалі сябе ў выразах на адрас новага прэзідэнта ЗША і нават блакавалі дарогі ды падпальвалі сметніцы. У выніку ў Нью-Ёрку і Рычмандзе, штат Вірджынія, паліцыянтамі былі затрыманыя некалькі дзясяткаў асобаў. Аднак, паводле самых праваахоўнікаў, пратэсты адбываюцца адносна мірна.

Віталь Бабін, «Белсат»