Давыдзька: Подпісы за бел-чырвона-белы сцяг трэба было несці ў Мінабароны


Кіраўнік БТ выказаўся пра акцыю па наданні нацыянальнаму сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

На думку кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, тых, хто падтрымаў гэтую ініцыятыву сваім подпісам, «банальна падставілі».

Давыдзьку зачапілі заявы пра тое, што сабраныя подпісы – гэта «трэніроўка, каб выйграць бой, а дзесяць тысяч падпісантаў за нацыянальную сімволіку – гэта армія людзей, якія пашырылі прастору свабоды».

«Фармальна подпісы збіраліся для перадачы ў Мінкультуры. Але, атрымліваецца, што акцыя на самай справе ўладкоўвалася цалкам з іншымі мэтамі, і тых, хто падпісаўся, – надзьмулі. Яны збіралі »армію«, хай і папяровую. Але тады з гэтай справай зусім не да Міністэрства культуры, а да Міністэрства абароны. Хутчэй за ўсё, гэтая папяровая армія патрэбная была, каб затым тыкаць дзесяццю тысячамі подпісаў у твар еўрачыноўнікам», – адзначыў Генадзь Давыдзька ў эфіры тэлепраграмы «Клуб рэдактараў».

Таксама ён заявіў, што з 2011 па 2015 гады беларускія НДА атрымалі 15 млн еўраў падтрымкі ад Бруселю, што зʼяўляецца «нядрэнным бюджэтам».

Подпісы за прызнанне бел-чырвона-белага сцягу гісторыка-культурнай каштоўнасцю збіралі ў Менску з 19 верасня па 19 кастрычніка. Днямі больш за 10 тыс. подпісаў падалі ў Мінкульт.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў