Размова «Нармандскай чацвёркі» перайшла ў дыскусію пра Сірыю


«Нармандская чацвёрка», што сустракалася ўчора ў Берліне, праз некалькі гадзінаў перамоваў ператварылася ў тройку. Размова па сітуацыі ўва Украіне, якая не завяршылася падпісаннем якога-кольвек дакументу, ператварылася ў дыскусію па Сірыі. Ці выйшла штосьці канкрэтнае з перамоваў прэзідэнтаў Украіны, Францыі, Расеі і канцлера Нямеччыны?

Сустрэча пачалася з тройкі, а не «Нармандскай чацвёркі». Пятро Парашэнка і Франсуа Алянд прыбылі ў рэзідэнцыю Ангелы Мэркель раней за Уладзіміра Пуціна і правялі папярэднюю сустрэчу без расейскага лідара. Той жа прыбыў пад акампанемент пратэстаў супраць расейскай замежнай палітыкі. Сустрэча працягвалася чатыры гадзіны, першым да прэсы выйшаў украінскі лідар і распавёў пра пазітыўнае.

«Для забеспячэння падрыхтоўкі да будучых выбараў, калі ўмовы на месцы дадуць нам магчымасць правесці тыя выбары, мы паспрабуем увесці ўзброеную паліцэйскую місію АБСЕ, якая мае гарантаваць бяспеку і падчас галасавання і падчас пераходнага працэсу. Гэткую захаду падтрымаў таксама і расейскі бок», – заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Аднак галоўная мэта Украіны – забеспячэнне кантролю над мяжой з Расеяй застаецца ў неакрэсленай будучыні. Паводле Ангелы Мэркель, гэта мае адбыцца толькі напрыканцы перамоўнага працэсу.

«Праца будзе працягнутая на ўзроўні міністраў замежных справаў і дарадцаў і, натуральна, будзе вельмі складаная. Мы абмеркавалі ўсе праблемы і выказалі гатовасць рухацца далей, але існая сітуацыя пакідае жадаць лепшага», – падкрэсліла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Падобныя жаданні ў Захаду і па сітуацыі ў Сірыі. Перамовы ў гэтым пытанні працягнуліся ўжо без прэзідэнта Украіны, хаця раней расейскі бок заяўляў, што Уладзімір Пуцін не збіраецца абмяркоўваць сірыйскую праблему. Пакуль Мэркель і Алянд заклікалі прыпыніць бамбаванні Алепа, Пуцін бачыць у Сірыі іншыя прыярытэты.

«Расея прапануе актывізаваць працу па распрацоўцы і прыняцці новай канстытуцыі, згодна з якой можна было б правесці папярэднія выбары і правесці перамовы паміж усімі бакамі канфлікту», – заўважыў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Папярэднія выбары ў Сірыі скончыліся так, як сканчаліся ўсе ранейшыя цягам 40 год кіравання дынастыі Асадаў. Паводле афіцыйных вынікаў, дзейны прэзідэнт атрымаў амаль 89 % галасоў. У гэтыя лічбы не паверылі не толькі паўстанцы, але і большая частка цывілізаванага свету. Падобна, што і сам Башар аль-Асад больш чым у народную любоў верыць у сілу ўласнага ды расейскага войскаў. Але часам хаўруснікі мусяць ісці на саступкі.

«Расейскі і сірыйскі ўрады застаюцца пад ціскам, перадусім з-за недахопу ежы і медыкаментаў у Алепа. Расея пагадзілася прыпыніць удары, каб гуманітарная дапамога трапіла ўва ўсходнюю частку гораду», – адзначыў сірыйскі палітычны аглядальнік Махмуд Мараі.

Гэтае замірэнне скончылася сёння а 16-ай гадзіне менскага часу. Прыкладна тады ж у Бруселі пачаўся саміт кіраўнікоў краінаў-сябраў Еўразвязу. На ім будзе ўзнятае пытанне пра новыя эканамічныя абмежаванні супраць Расеі. Але ці дзеюць тыя санкцыі супраць Крамля, ці больш супраць расейцаў, якія будуць толькі мацней падтрымліваць палітыку свайго прэзідэнта.

«Для грамадзянаў самымі цяжкімі былі, як ні парадаксальна, не санкцыі, а контрсанкцыі спадар Пуціна, які забараніў імпарт харчоў з Еўразвязу. Ну, вось у нас у Маскве мы вярнуліся да савецкіх часоў. Ёсць некалькі беларускіх крамаў – там ратуемся, купляем беларускі сыр», – заўважыў расейскі публіцыст і палітычны аналітык Андрэй Піянткоўскі.

Пра магчымыя новыя санкцыі першай выступіла Нямеччына на пачатку месяца. Пасля ўзмацнення расейскіх бамбаванняў цывільных абʼектаў у Алепа да Берліну далучыліся Лондан і Парыж. Аднак на ўзровень абмеркавання чарговыя санкцыі супраць Крамля выносяцца ўпершыню.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»