Рыгор Кастусёў: Страты цеплаэнергіі ў ЖКГ – каля 20 %, а мусяць плаціць грамадзяне


Чыноўнікі паклапаціліся – рыхтуемся да падаражэння. Кошт камунальных паслуг павысяць на 10 рублёў ад 1-га студзеня 2017 года. Гэтак мы прывітаем Новы год, але падаражэнне можа стаць не апошнім.

Налета пры неабходнасці гаворка пойдзе і пра другі этап росту тарыфаў. У Міністэрстве эканомікі гэтыя дзеянні тлумачаць патрабаваннямі Міжнароднага валютнага фонду. Ужо да канца 2017 года кампенсацыя насельніцтвам выдаткаў на камуналку мае складаць 75 %, а ўжо да канца 2018-га – усе 100 %. У справаздачы МВФ сапраўды вядзецца гаворка пра тое, што тарыфы ЖКГ у Беларусі ніжэйшыя адносна поўнага пакрыцця выдаткаў, чым у іншых краінах рэгіёну.

Эксперт у пытаннях ЖКГ Рыгор Кастусёў адзначыў, што замест таго, каб прыняць захады дзеля большага энергазберажэння, улады Беларусі зноўку перакладаюць затраты на плечы беларускіх грамадзянаў пад выглядам патрабавання МВФ.

«На сённяшні дзень, да прыкладу, страты цеплаэнергіі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы складаюць каля 20 %. Карацей кажучы, кожная пятая гігакалорыя сыходзіць у неба, а не да спажыўцоў. Як казалі раней улады Беларусі, яны будуць імкнуцца да таго, каб гэтыя затраты скарачаць, але, як паказвае статыстыка, эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў, сродкаў, якія паступаюць у жыллёва-камунальную гаспадарку ад насельніцтва, так і не палепшылася. Я б нават сказаў, што эфектыўнасць нават пагоршылася, павялічылася карупцыя», – заўважыў спадар Кастусёў.

Паводле яго, нядаўна выявіліся факты карупцыі ў Слаўгарадскім раёне на Магілёўшчыне. Такіх фактаў ёсць і ў іншых рэгіёнах, падкрэсліў адмысловец.

Яшчэ нядаўна прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што ўлады будуць імкнуцца да выкарыстання мясцовых відаў паліва.

«Паводле планаў развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2016 мы павінны былі выйсці на 54,6 % выкарыстання мясцовых відаў паліва. Але ўлады не змаглі зрабіць і гэтага. На сённяшні мы выкарыстоўваем толькі 41 % мясцовых відаў паліва, што таксама не паспрыяла скарачэнню выдаткаў», – адзначыў спецыяліст.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu. Фота dagzhkh.ru