Пацяпленне ў халоднай вайне паміж Расеяй і ЗША


Рэха халоднай вайны гучала 9 дзён. ЗША і Расея вяртаюцца да перамоваў па Сірыі: сустрэча Лаўрова і Керы адбудзецца паслязаўтра ў Швейцарыі. Аднак адказнасці за авіяналёты ніхто не здымае. Расея ад абвінавачванняў Захаду адмахваецца: маўляў, гэта проста рыторыка і палітыканства. Але можа прыслухваецца?

Ці жорсткая палітыка Захаду адносна дзеянняў Расеі ў Сірыі змусіла Крэмль «збавіць абароты»? Цалкам магчыма, бо прынамсі санкцыі Еўропы і ЗША, выявілася, вельмі адчувальныя.

«Мы часта паўтараем як мантру, што гэтыя так званыя слынныя санкцыі на нас не ўплываюць. Уплываюць», – заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

І будуць уплываць яшчэ больш. Паводле выдання «Wall Street Journal», краіны Еўразвязу пачалі вывучаць магчымасці ўвядзення новых антырасейскіх санкцыяў. У выступе перад камітэтам парламенту гэтыя звесткі пацвердзіў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі.

«Калі існуе больш разумных і практычных крокаў, якія мы можам зрабіць з нашымі хаўруснікамі, то мы павінныя разважыць гэтыя захады і, паверце, адпаведныя працы цяпер вядуцца», – адзначыў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Борыс Джоўнсан.

Але апошнім часам у ваенным запале Расея пра магчымыя наступствы з боку міжнароднае супольнасці, відаць, забылася. У выніку ўзнаўлення бамбаванняў Алепа цягам двух дзён загінулі ўжо больш за 75 чалавек: сірыйскі рэжым з дапамогаю расейскіх паветраных сілаў праводзіць паўнавартасную наступальную аперацыю захопу гораду. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд назваў дзеянні аль-Асада і афіцыйнай Масквы ваеннымі злачынствамі.

«Гэта палітычная рыторыка, якая не мае вялікага сэнсу і не ўлічвае рэаліяў таго, што адбываецца ў гэтай краіне», – заўважыў Пуцін.

Гэтак кіраўнік Расеі адрэагаваў на заяву Алянда і ягоную пастанову адмяніць запланаваную сустрэчу з расейскім лідарам. Не толькі Францыя, але і Вялікая Брытанія, і ЗША ў асобе дзяржаўнага сакратара Джона Керы, вінаваціць Крэмль у бамбаванні грамадзянскіх абʼектаў у горадзе Алепа, у тым ліку ў знішчэнні гуманітарнага канвою ААН 19-га верасня.

«Інцыдэнт адбыўся з наступленнем цемры. Паводле самой Расеі, самалёты сірыйскіх уладаў не могуць атакаваць уначы. І паводле ўласна Расеі, яе лятак быў непадалёк ад месца здарэння. Таму ўсе наяўныя доказы ўказваюць на віну Расеі ў гэтым зверстве», – падкрэсліў брытанскі міністр Борыс Джоўнсан.

Брытанскі палітык дадаў, што калі Расея працягне такія дзеянні, то неўзабаве станецца краінай-ізгоем. Каментуючы заяву тэлеканалу CNN, Сяргей Лаўроў назваў гэта «пагардлівым палітыканствам» Джоўнсана, які, маўляў, раней з такім задавальненнем наведваў расейскія фестывалі ў Лондане, а цяпер проста будуе карʼеру. Але ісці на далейшае абвастрэнне халоднага канфлікту з Захадам і, у прыватнасці, з ЗША, Расея не збіраецца, кажа Лаўроў.

«Мы чыталі заявы амерыканскіх вайскоўцаў, што вайна з расейцамі – непазбежная. Пакінем гэта на іх сумленні», – заўважыў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Пакуль жа амерыканска-расейскія дачыненні, на фоне ціску міжнароднай супольнасці на Расею, нават пацяплелі. Краіны абвесцілі пра ўзнаўленне перамоваў наконт Сірыі пасля больш як тыдня перапынку. Сяргей Лаўроў і Джон Керы ўжо ў гэтую суботу сустрэнуцца ў Лазане.

Таццяна Рэут, «Белсат»