«У нас міністр працы вырашае не нашмат больш, чым прыбіральшчыца ў ягоным кабінеце»


Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук ацаніў дзейнасць Марʼяны Шчоткінай на пасадзе міністра працы.

У Марʼяны Шчоткінай усё добра. Чыноўніцу, якая дагэтуль працавала міністрам працы, сёння абралі на не менш добрую пасаду – намесніцу старшыні Савету Рэспублікі. То бок намесніцай Міхаіла Мясніковіча. Жыццё задалося!

На сваёй папярэдняй пасадзе Марʼяна Шчоткіна на «сюрпрызы» для беларусаў сквапная не была. Сярод ейных ініцыятываў – павышэнне пенсійнага веку і дадатковыя паборы з беспрацоўных. Зрэшты, нават перад самым сваім зыходам Шчоткіна падрыхтавала яшчэ адзін «сюрпрыз» для бюджэтнікаў, праанансаваўшы іх перавод на гэтак званы «голы» аклад. У «Гарачым каментары» – старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

«Мы ведаем, што ў нас міністр працы, напэўна, вырашае не шмат больш, чым прыбіральшчыца ў іх кабінетах. А хто ў нас вырашае, у тым ліку і наконт таго, што датычыць сацыяльных пытанняў, праблем, звязаных з працай і яе аплатай, агульна вядома», – заявіў Аляксандр Ярашук у эфіры «Белсату».