Паліенка ў залі суда: Дзякуй усім за падтрымку!



Зміцер Паліенка ў зале суда

Прысуд па справе актывіста Змітра Паліенкі агучаць 12 кастрычніка. Чытайце наш онлайн з паседжання: паказанні сведкаў, судовыя спрэчкі і апошняе слова арыштаванага.

15:15 У залі апладуюць стоячы. Прысуд заўтра а 14-й.

15:10

Апошняе слова Паліенкі: «Дзякуй усім прысутным за падтрымку!» У залі воплескі.

«Калі ты не з БРСМ, атрымаць дазвол на акцыю немагчыма», – заявіў Зміцер Паліенка. Пасля прачытаў верш былога палітзняволенага Ігара Аліневіча. За некалькі хвілінаў да гэтага адвакат Лішанкова, якая абараняла графіцістаў папрасіла апраўдаць свайго падабароннага.

15:00

14:55 Пачаліся судовыя спрэчкі.

13:50 На паседжанні зноў абвешчаны перапынак на гадзіну.

13:45 Паліенка: спыніў збіццё Канавалава міліцыянтам

На папярэднім следстве Зміцер Паліенка пагадзіўся, што парушыў правілы руху і заявіў, што згодны панесці спагнанне.

Кажа, што падышоў, калі міліцыянты затрымлівалі раварыста Канавалава, і папрасіў спыніць збіццё.

Прызнаў, што цягнуў міліцыянта за рукаў курткі і пачуў, як куртка парвалася. Тады міліцыянт павярнуўся да яго і пачаў збіваць ужо яго. Аднак хлопец не прызнаў, што перашкаджаў міліцыянту затрымліваць раварыста – толькі спрабаваў спыніць збіццё.

13:15 Адвакат: парнаграфічнага роліку не было

Адвакат Змітра Паліенкі Таццяна Лішанкова хадайнічала аб далучэнні да справы матэрыялаў з інтэрнэту са спасылкай пра тое, што старонка Паліенкі «Вконтакте» была выдаленая. На момант размяшчэння порнароліку старонкі ў абвінавачанага ў сацыяльнай сетцы не было.

13:00 Суддзя перайшоў да эпізоду з парнаграфіяй. Зачытаў пра тое, што абвінавачаны 18 красавіка праз невядомае прыстасаванне размясціў «Вконтакте» ролік «меркавана парнаграфічнага зместу працягласцю 18 секундаў».

12:50 Суддзя зачытаў апісанне з відэа затрымання Паліенкі. Там нічога няма пра тое, што той цягнуў за рукаў курткі супрацоўніка ДАІ. Затое апісваецца, як міліцыянт пры затрыманні хлопца нанёс «тры паслабляльныя ўдары».

12:30 Суд аднавіўся. Прыйшоў сведка Уладзімір (прозвішча прагучала неразборліва), супрацоўнік АМАПу. Ён сцвярджае, што абвінавачаны ўчапіўся ў ровар, цягнуў, з іншага боку цягнуў супрацоўнік ДАІ.

Пасля абвінавачанага «адарвалі» ад ровару, і ён піхнуў супрацоўніка ДАІ. Сведка кажа, што не бачыў, як парвалі куртку, толькі бачыў, як Паліенка цягнуў за руку міліцыянта.

11:17 У паседжанні абвешчаны перапынак на 1 гадзіну.

11:15

11:05 «Два інспектары, і натоўп на іх ідзе! Я вырашыў дапамагчы ім», – кажа сведка. Абвінавачаны не задае пытанняў сведкам, не дае паказанняў.

11:00 «Двух чалавек затрымлівалі. Адзін кінуўся на спіну міліцыянеру, парваў яму куртку. Выбег АМАП, забраў усіх у аўтобус», – заявіў сведка.

10:45 «Трымаем ровар, трымаем парушальніка – чую трэск вопраткі». Міліцыянт, які выступае ў якасці пацярпелага, распавядае пра парваную форменную куртку.

10:15 Адводу суддзі не будзе.

10:15 Суддзя Есьман выдаліўся ў дарадчы пакой, каб разглядзець адвод суддзі, які заявіў Паліенка з адвакатам.

10:08 Працэс распачаўся. Суддзя Валеры Есьман забараніў весці фота- і відэаздымку.

10:07 Нагадаем, што беларускія праваабаронцы з цэнтру «Вясна» лічаць захады пераследу Дзмтрыя Паліенкі непрапарцыйнымі ўчыненаму правапарушэнню.

Дзмітрыя Паліенку абвінавачваюць у «гвалце або пагрозе гвалту супраць працаўніка міліцыі». У канцы жніўня яму дадалі абвінавачанне ў распаўсюдзе парнаграфіі. Паводле праваабаронцаў, на старонцы Паліенкі ў сацыяльнай сетцы знайшлі відэа трохгадовай даўніны, у якім пабачылі распаўсюд парнаграфіі.

29-га красавіка маладзёна жорстка затрымалі на акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Змітру пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

НМ, ДР belsat.eu, svaboda.org

Стужка навінаў