«Гавары праўду» ўзначалілі Караткевіч і Дзмітрыеў


У Беларусі стварылі рэспубліканскае даследча-асветніцкае аб’яднанне «Гавары праўду». Адпаведнае рашэнне прынялі 65 дэлегатаў устаноўчага сходу арганізацыі, які прайшоў 7 лістапада ў Менску.

У арганізацыі будзе дзейнічаць інстытут двайнога лідарства. Так, адзін з заснавальнікаў Сяргей Вазняк зазначыў, што пасада старшыні арганізацыі – прадстаўнічая, звязаная з пытаннямі грамадска-палітычнага характару. Старшыня рэспубліканскага савету аб’яднання будзе займацца арганізацыйна-юрыдычнымі пытаннямі, падае БелаПАН.

Па выніках галасавання на безальтэрнатыўнай аснове старшынёй аб’яднання абраная Таццяна Караткевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2015 года.

На пасаду старшыні рэспубліканскага савету аб’яднання вылучаліся таксама Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў. Пры гэтым Вазняк узяў самаадвод, бо ўваходзіць у кіраўніцтва Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Такім чынам, старшынёй рэспубліканскага савету быў выбраны Дзмітрыеў.

Мэта аб’яднання – спрыяць пабудове ў Беларусі дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці, народнай гаспадаркі, умацаванню патрыятычных традыцый беларускага народу.

Аб’яднанне будзе прапагандаваць дасягненні Беларусі ў сацыяльнай і эканамічнай сферах, рабіць аналіз грамадскіх сацыяльных і эканамічных праблем краіны і шукаць шляхі іх вырашэння.

Таццяна Караткевіч зазначыла, што ў планах арганізацыі – далейшае падтрыманне праграмы перамен, якую прапаноўвае «Гавары праўду». Для гэтага чальцы аб’яднання плануюць «актыўна ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, працаваць з людзьмі, імкнуцца наблізіць перамены».

У прыватнасці, на парламенцкія выбары плануецца скласці адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым Караткевіч зазначыла, што ў гэтым пытанні «Гавары праўду» гатова супрацоўнічаць з прадстаўнікамі ўсіх дэмакратычных партый і арганізацыяў.

Глядзіце яшчэ >>> Сяргей Вазняк: Караткевіч агаварылася пра яшчэ два тэрміны для Лукашэнкі 

Дзмітрыеў адной з асноўных задач арганізацыі назваў «узмацненне мясцовых дэмакратый і самакіравання, дапамогу людзям у канкрэтных справах». «Мы павінны нарошчваць грамадскі націск наконт таго, што Беларусі патрэбныя перамены, рэформы», – сказаў ён.

Пакуль невядома, ці зарэгіструе Мінюст «Гавары праўду». Тры папярэднія спробы рэгістрацыі – у 2010, 2011 і 2013 гадах – былі няўдалыя.

Кампаніяй «Гавары праўду» з 2010 да красавіка 2015 кіраўваў экс-кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляяеў. 28 траўня на рэспубліканскім сходзе актыву «Гавары праўду» старшынёй кампаніі быў абраны Андрэй Дзмітрыеў, а кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года ад кампаніі вылучылі Таццяну Караткевіч.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў