Дзе пахавана дачка апошняга канцлера ВКЛ? Месца адкрылі, калі ўшаноўвалі іншых памерлых (фота)


Па дарозе да месца спачыну каханай Кастуся Каліноўскага ў Варшаве беларускія актывісты трапілі на магілу «маршалковай губерніі Віленскай, старасціны менскай» – Евы з роду графаў Храптовічаў.
Сябры ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» і грэка-каталіцкі святар Сяргей Стасевіч з Лондану ў пярэдадзень Радаўніцы наведалі ў польскай сталіцы магілы людзей, звязаных з беларускай гісторыяй, каб памаліцца за супакой іх душаў.
Ішлі да Марыі, знайшлі – Еву
На Паванзкоўскіх могілках Варшавы дзеячы скіраваліся да магілы Марыі Ямант – удзельніцы паўстання 1863 года і каханай Кастуся Каліноўскага, якой паўстанцкі кіраўнік прысвяціў свой перадсмяротны верш «Марыська чарнаброва, галубка мая…». Месца пахавання той, каму быў прысвечаны адзіны верш Каліноўскага, некалькі гадоў таму знайшлі сябры Беларускай нацыянальнай памяці і з таго часу ўзялі магілу пад апеку.
Непадалёк ад сцежкі, якая вяла да магілы Марыі Ямант, актывісты выпадкова пабачылі нагробак з прозвішчам «Храптовіч». Высветлілася, што тут пахаваная жонка маршалка Віленскай губерніі і менскага старасты – Ева Бжастоўская, бацька якой – Яўхім Храптовіч – быў апошнім канцлерам Вялікага княства Літоўскага.


Апошні канцлер ВКЛ быў прарасейскі
Нарадзінец Наваградчыны граф Храптовіч быў сярод чыноўнікаў, якіх пад ціскам Расеі, Аўстрыі і Прусіі сойм 1773-1775 гадоў вылучыў для правядзення падзелаў Рэчы Паспалітай. Яго подпіс, між іншым, стаіць пад трактатамі перадачы Расеі беларускіх земляў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1792 годзе Храптовіч стаў канцлерам ВКЛ. Граф Храптовіч вылучаўся прарасейскімі поглядамі і нават стараўся пераканаць караля, што найважнейшае – мір з Расеяй. Неўзабаве расейская імператрыца Кацярына ІІ увяла войскі ў Рэч Паспалітую, а тытул канцлера ВКЛ застаўся толькі ў гісторыі.
Верш канцлера ВКЛ
Разам з тым граф Храптовіч дбаў пра побыт сялянаў – замест паншчыны яны мусілі выплочваць трэць ураджаю грашыма, будаваў для іх школы, аптэкі, наймаў лекараў. Адзін з першых у ВКЛ пабудаваў у Шчорсах вятрак. Пісаў вершы, сярод якіх, як кажуць даследчыкі, былі і на беларускай мове, як да прыкладу, «Всем многі век в новой хаці», напісаны дзесьці ў 1740-х гадах. Малады паэт прысвяціў твор свайму дзеду і бабулі, якія спраўлялі ўваходзіны:
«Палац гойны, в нім прыгожо,
Паўберано всюды гожо,
Где пойдеш, напасеш очы,
Гледеўбысь аж до цёмнай ночы…»
Яўхім Храптовіч памёр у 1812 годзе ды знайшоў апошняе прыстанішча ў адным з варшаўскім касцёлаў. Праз год у Варшаве памерла ягоная дачка – Ева Бжастоўская, муж якой – Міхал Бжастоўскі – быў апошнім чашнікам ВКЛ. Іх сын Караль Бжастоўскі, народжаны на Астравеччыне, пазней прымаў удзел у антырасейскім паўстанні 1830-1831 гадоў ды адзначыўся вялікай адвагаю.
Знойдзеныя магілы дзеячоў
Гэтак месца спачыну Евы Бжастоўскай аказалася сярод магілаў дзеячоў беларускай гісторыі, адкрытых Беларускай нацыянальнай памяццю. Адной з першых магілаў беларусаў, якую знайшлі актывісты ў Варшаве, было месца пахавання беларускага пісьменніка і публіцыста родам з Лідчыны Янкі Жамойціна. Сярод іншых асобаў, звязаных з Беларуссю і пахаваных у Варшаве, беларускі атаман Цімафей Хведашчэня – адзін з кіраўнікоў антысавецкага супраціву, які ў 1920-я гады змагаўся ў беларускіх нацыянальных фармацыях, браў удзел у Слуцкім паўстанні, быў у войску генерала Булак-Булаховіча і ў арганізацыі «Зялёны дуб», што вяла барацьбу за аднаўленне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго магілу актывісты БНП шукалі каля 2 гадоў.
Варшаўскія беларусы наведалі таксама месца спачыну «бацькі польскай фатаграфіі» родам з Наваградчыны Яна Булгака; пісьменніка Адама Плуга; кампазітара Станіслава Манюшкі; пісьменніка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча з Глыбоччыны, па адным з твораў якога знялі фільм «Знахар»; легенды польскай сцэны Чэслава Немэна родам са Старых Васілішак; фалькларыста, аўтара 8-томнай працы «Люд беларускі» Міхала Федароўскага. Айцец Сяргей прачытаў малітвы і за іншых дзеячоў, магіламі якіх апякуецца Беларуская нацыянальная памяць – за Мітрафана Будзьку, прадзеда аднаго з лідараў Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца; за паэтку Алену Анішэўскую; за святара Вацлава Аношку і інш.
«Продкі дапамагаюць у нябёсах»
«На Радаўніцу па традыцыі наведваюць магілы сваякоў, – распавёў старшыня Беларускай нацыянальнай памяці Анатоль Міхнавец. – Шмат хто з памерлых, якія былі шчыра адданыя беларушчыне, ужо не маюць нікога, хто б задбаў пра месцы іх спачыну. Таму нам, сучаснікам, трэба аддаць пашану тым, хто прысвяціў сябе беларускай справе. Гэта важна для кожнага, хто мае сумленне і гонар. Я веру, што нашыя продкі ў нябёсах дапамагаюць нам ва ўсіх нашых пачынаннях. Народ – гэта ж супольнасць жывых, ненароджаных і памерлых».
Беларуская памяць у свеце
Дзякуючы высілкам дзеячаў БНП у Парыжы была адшуканая магіла прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка, помнік слуцкім паўстанцам у Баварыі, які пасля вайны ўзвялі бежанцы з Беларусі, у Шчэціне (Польшча) – магіла аднаго з кіраўнікоў Слуцкага паўстання Антона Сокала-Кутыноўскага.
Апроч пошуку, актывісты БНП даглядаюць ужо вядомыя магілы беларускіх дзеячаў, да прыкладу, месца спачыну аўтара музыкі гімна «Магутны Божа» Міколы Равенскага ў бельгійскім Лювэне.
Віктар Шукеловіч, belsat.eu
Стужка навінаў