Гей-скандал з беларускім епіскапам выкліканы «карупцыйнаю садаміяй»?


Адкуль з’явіліся абвінавачанні, што епіскап Гомельскі ды Жлобінскі Стэфан дамагаўся інтымных уцехаў ад мужчын і што мяркуюць пра гэта беларускія праваслаўныя святары?

Беларускі епіскап “пад раздачай”

Расейская Праваслаўная царква аказалася ў віры гей-скандалу. Былы выкладчык Маскоўскай духоўнай акадэміі дыякан Андрэй Кураеў распавёў пра «блакітнае лобі» ў царкоўных структурах.

Сярод тых, хто трапіў «пад раздачу» Кураева аказаўся і епіскап Гомельскі ды Жлобінскі Стэфан. Ён нібыта таксама прыклаў усе намаганні, каб стварыць у сваёй царкоўнай вотчыне «гей-лобі», ды і сам выяўляў гомасексуальныя схільнасці.

{movie}Епіскап Стэфан пра хрысціянскую сям’ю|right|14100{/movie}

Паводле версіі аднаго з прадстаўнікоў Беларускага экзархату айца Аляксандра Шрамко, цкаванне епіскапа Стэфана пачалася праз дзяльбу маёмасці. У сваім «Фэйсбуку» святар напісаў, што паводле адной з версіяў скандал з епіскапам Стэфанам – «гэта працяг вайны паміж ім [епіскапам Стэфанам – belsat.eu] і блізкімі Арыстарха [нябожчык кіраўнік епархіі, якую цяпер узначальвае епіскап Стэфан – belsat.eu], на якіх ён [Арыстарх – belsat.eu] перапісаў шмат царкоўнай маёмасці ды нерухомасці».

У часы епіскапа Арыстарха ў епархіі была сапраўдная «карупцыйная садамія», кажа святар, які пажадаў застацца ананімным. У самой епархіі гэтай інфармацыі не каментуюць.

Айцец Шрамко дадаў у «Фэйсбуку», што праблема не ў тым, што ёсць «блакітнае лобі», а ў тым, што ўвогуле ў Царкве магчымае лобі. «Закрытасць і непадкантрольнасць структураў арганізацыі могуць спарадзіць якіх хочаш монстраў. Заб’еш аднаго монстра, тут жа з’явіцца іншы. Андрэй Кураеў, калі ён сапраўды дбае пра дабро Царквы, мог бы ўжыць свой талент якраз на выяўленне і пошук лекавання хваробы, а не на выяўленне сімптомаў», – адзначыў святар.

Паводле яго, дыякан Кураеў зрабіў неразважліва, абвінаваціўшы беларускага епіскапа, спасылаючыся толькі на ананімны ліст, які можна напісаць на любога.

Неафіцыйна гомельская епархія кажа пра паклёп, пра нейкія цёмныя сілы, якія хочуць раскалоць епархію, а кіраўніцтва, вядома, абліць граззю. Што гэта за цёмныя сілы, якія псуюць кроў епіскапу Стэфану, з нейкіх незразумелых прычынаў не называюць.

Пачаткі скандалу

Адзін з вядомых праваслаўных тэолагаў дыякан Андрэй Кураеў не аднойчы дазваляў сабе крытыку бюракратаў з РПЦ. Але гэтым разам за выкрыццё гей-лобі ён паплаціўся сваёй пасадаю выкладчыка ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Адміністрацыя навучальнай установы палічыла актыўнага блогера Кураева скандалістам і правакатарам.

Напярэдадні Новага года ў «Жывым часопісе» праваслаўнага блогера з’явіўся запіс, дзе дыякан Кураеў дае зразумець, што звольнілі яго за выкрыццё гей-скандалу ў Казанскай духоўнай семінарыі. Непакорны дыякан, якому заўсёды дазвалялася больш чым астатнім царкоўнікам, апублікаваў у сваім блогу ліст семінарыста з Казанскай духоўнай акадэміі, у якім малады чалавек распавядае пра дамаганні з боку выкладчыкаў акадэміі. І такія паводзіны выкладчыкаў акадэміі, піша ў сваім блогу Кураеў, не былі сакрэтам для большасці семінарыстаў.

Не было гэта сакрэтам і для адмысловай камісіі, якая прыехала з правяраннем у акадэмію. Вынікам ейнага візіту стала звальненне прарэктара Кірыла, які, на думку блогера, змірыўшыся з адміністратыўным пакараннем, ускосна прызнаўся ў гомасексуальнасці. Больш за тое, Кураеў лічыць, што прызначэнне таго ж Кірыла на месца кіраўніка кафедры тэалогіі дзяржаўнага ўніверсітэту гораду Цвер сведчыць, што апошні шукае сабе прытулку ў месцы, дзе таксама абавязкова «завяліся садаміты».

Афіцыйна такіх абвінавачанняў ніхто таксама не абвяргае, бо, як лічыць блогер, кіраўніцтва ў Маскве дабра на каментаванне такой «дробнай мяшчанскай валтузні» не дае.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў