Піанткоўскі: Пасажыры «Кагалымавія» – першыя расейскія ахвяры сірыйскай вайны


У размове з «Белсатам» расейскі палітолаг Андрэй Піанткоўскі разважае, ці прызнае Пуцін версію тэракту ў сінайскім небе і як будзе выкарыстоўваць авіякатастрофу.

Брытанія і Злучаныя Штаты заяўляюць, што на борце самалёта «Кагалымавіа» выбухнула бомба. Чаму Расея і Егіпет адмаўляюць версію тэракта?

Егіпет зацята адмаўляе версію тэракту, бо яе прызнанне – гэта канец турыстычнай індустрыі Егіпту, якая грае рашучую ў гаспадарцы краіны. У Расеі першыя два дні пасля катастрофы актыўна абмяркоўваліся тэхнічныя няспраўнасці або памылка пілотаў, каб адвесці грамадскую думку ад версіі тэракту – невыгоднай уладам таму, што з пачатку сірыйскай аперацыі з’явіліся галасы, што ратуючы свайго хаўрусніка Асада Пуцін ставіць пад удар усю краіну, павялічваючы рызыку тэрарыстычных атакаў. Пуцін увязаўся ў вайну паміж шыітамі і сунітамі, якіх на зямлі паўмільярда. І гэтая катастрофа – гэта першая гібель расейскіх грамадзянаў у сірыйскай вайне.

Але ў Крамлі ўсвядомілі, што цалкам маніпуляваць расследаваннем справы не атрымаецца, бо да яго, згодна з міжнародным правам, далучыліся розныя краіны, між іншым Англія і Францыя, а таксама Ірландыя. Стала зразумела, што рана ці позна прыйдзецца версію тэракта прызнаць, і прапаганда стала мяняцца. Калі ўважліва глядзець крамлёўскія тэлевізійныя праграмы, то версія тэракта там ужо напоўніцу абмяркоўваецца.

Больш за тое, Пуцін, які ўпершыню пасля катастрофы з’явіўся на публіцы падчас сустрэчы з міністрам транспарту, намякнуўшы, што «катастрофа адбылася над тэрыторыяй баёў егіпецкай арміі з экстрэмістамі». Ён таксама шматзначна адзначыў, што «трэба ведаць дакладныя прычыны, каб правільна рэагаваць». Відаць, у Крамлі вырашылі выкарыстаць гэты тэракт.

Мяркую, праз пару дзён Пуцін звернецца да нацыі пад лозунгам «вставай, страна огромная!» – для падняцця градусу вайсковай істэрыкі, для далейшай эскалацыі канфлікту, і, магчыма, для старту наземнай аперацыі на Бліжнім Усходзе.

Пуціну будзе прыемна ўзмацніць прысутнасць у Сірыі, каб паказаць «кузькіну маці» амерыканцам. Ён будзе прадаваць сваю падтрымку Асада як вайну супраць Ісламскай дзяржавы. І назаве сваю цану – зняцце санкцыяў і змякчэнне ціску вакол Украіны. На маю думку, такія планы цяпер выношваюцца ў Крамлі.

З’явілася інфармацыя, што ў Пулкава здарылася аварыйная пасадка лайнера – таксама самалёта «Кагалымавія». Ці можа, аднак, версія тэхнічнай няспраўнасці самалёта, які разбіўся, мець месца?

Інцыдэнт у Пулкава – вельмі паказальны. 99% усіх аварыяў у авіяцыі здараецца пры ўзлёце або пасадцы. Здарэнні на вышыні – вельмі рэдкая з’ява. Тым больш, што крыніцы, блізкія да расследавання, наўпрост кажуць, што ўнутры самалёта быў выбух. Выпадак нагадвае знішчэнне лівійцамі самалёта «Pan American» дваццаць гадоў таму, калі бомба была падкладзеная ў багаж.

Размаўляў Віталь Бабін

Даведка «Белсату»

21 снежня 1988 года лівійскія спецслужбы падклалі бомбу ў багаж «Боінга 747», які ляцеў з Лондану ў Нью-Ёрк. У выніку выбуху, які адбыўся над шатландскім горадам Локербі, загінулі 270 чалавек. У 2003 годзе Лівія прызнала дачыненне да тэракту афіцыйных дзяржаўных асобаў. У абмен на зняцце санкцыяў Муамар Кадафі выплаціў кожнай сям’і загінулых па 10 млн долараў.

Стужка навінаў