У Віцебскі суд перадалі справу «шпіёна» Андрэя Гайдукова


Абласны суд будзе разглядаць справу віцебскага актывіста. Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Дата суда пакуль невядомая.

Пра тое, што справу Андрэя Гайдукова перадалі ў суд, праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла маці абвінавачанага. «Я хачу, каб суд быў адкрыты. Каб нарэшце агучылі ўсе падазрэнні ды прэтэнзіі да Андрэя. Але ці нехта мяне паслухае… Адвакат гаворыць, што вырашыць могуць і так, і так: працэс можа быць і адкрыты, і закрыты», – зазначае Вольга Гайдукова.

23-гадовага намесніка старшыні незарэгістраванага Саюзу маладых інтэлектуалаў Андрэя Гайдукова затрымалі працаўнікі КДБ у Віцебску 8 лістапада 2012 года «ў момант закладання схованкі з сакрэтнымі звесткамі для замежных спецслужбаў».

Арышт за жарты пра ЦРУ?

Пасля таго, як справа аб затрыманні Гайдукова сталася вядомая, каардынатарка БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец выказала меркаванне, што арышт можа быць звязаны з праектам у межах «Усходняга партнёрства», які актывіст рыхтаваў разам з сябрам БХД Іллём Багданавым.

Паводле няпэўных звестак, КДБ спачатку выставіла Гайдукову абвінавачанне ў «намеры падпісаць пагадненне з амерыканскімі спецслужбамі» – за гэта можна атрымаць да 2 гадоў турмы. Аднак пазней фармулёўку змянілі. Відаць, чэкісты прыйшлі да высновы, што нейкае «пагадненне» ўжо падпісалі. Цяпер яго вінавацяць паводле арт. 356 «Здрада Радзіме» – ад 7 да 15 гадоў турмы.

Паводле Таццяны Севярынец, калі Гайдукоў з Багданавым размаўлялі пра свой праект, то жартам казалі, што іх «фінансуе ЦРУ».

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў