Ад Драздоў да Пефціева: Гісторыя змагання Захаду з беларускімі чыноўнікамі


ЗША знялі санкцыі з прадпрыемства «Белтэхэкспарт», падкантрольнага спонсару Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцу Уладзіміру Пефціеву.

24 траўня на сайце Дзярждэпартамента ЗША размясцілі спіс прадпрыемстваў, у дачыненні якіх спынілі дзеянне амерыканскіх санкцыяў. Паводле інфармацыі на электроннай старонцы «Белтэхэкспарта», яшчэ 1 чэрвеня 2012 года кампанія накіравала на адрас Дзярждэпартаменту ЗША афіцыйны пакет дакументаў, азнаёміўшыся з якім амерыканскі бок запрасіў прадстаўнікоў беларускай кампаніі ў Вашынгтон.

4 красавіка 2013 года ў Вашынгтоне адбылася сустрэча прадстаўнікоў «Белтэхэкспарту» з дырэктарам упраўлення ракетнага, біялагічнага і хімічнага нераспаўсюджання Дзярждэпартаменту Памэлай Дургэм і ейным намеснікам Ралфам Палмэрам.

Нагадаем, санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў «БелОМА» і «Белтэхэкспарт» Злучаныя Штаты ўвялі 25 траўня 2011 года. Як вынікала з паведамлення сайту Дзярждэпартаменту ЗША, падставаю стала «надзейная інфармацыя», якая ўказвала на тое, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю або Сірыю ці атрымлівалі з гэтых краінаў «абсталяванне і тэхналогію, указаную ў спісах кантролю за шматбаковым экспартам, …або іншым чынам мелі магчымасць зрабіць матэрыяльны ўклад у зброю масавага знішчэння або сістэмы крылатых і балістычных ракетаў».

Гісторыя ўвядзення санкцыяў супраць Беларусі Еўразвязам і Злучанымі Штатамі



Сутнасць санкцыяў тым, што ўрадавыя ведамствы ЗША цягам 2 гадоў не могуць набываць у названых кампаніяў або экспартаваць ім тавары і паслугі, а таксама падтрымліваць іх. Апроч 2 беларускіх прадпрыемстваў, пад санкцыі ЗША траплялі 3 кітайскія кампаніі, 5 іранскіх, 1 паўночнакарэйская, 2 сірыйскія і 1 венесуэльская.

Варта дадаць, што ў чэрвені 2011 года Рада Еўразвязу ўвяла санкцыі ў дачыненні 3 беларускіх кампаніяў – ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі», забараніўшы ім бізнес на тэрыторыі краінаў ЕЗ. Усе 3 кампаніі падкантрольныя бізнесоўцу Уладзіміру Пефціеву, які, як адзначаюць у ЕЗ, «звязаны з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёю», а таксама з’яўляецца «ключавым фінансавым спонсарам рэжыму Лукашэнкі». Сам Пефціеў уключаны ў спіс асобаў, неўязных на тэрыторыю ЕЗ.

АК, паводле belapan.com, з выкарыстаннем інфармацыі tut.by

Стужка навінаў