Не зусім беларус, які ўзняў расейскі сцяг: «Я родам з Савецкага Саюзу»


Андрэй Фомачкін стаў героем першага дня Паралімпіяды ў Бразіліі. Падчас цырымоніі адкрыцця Гульняў ён выйшаў на стадыён «Маракана» з расейскім сцягам.

Такім чынам беларуская дэлегацыя падтрымала расейцаў, якіх у поўным складзе адхілілі ад удзелу ў Паралімпіядзе. Андрэя Фомачкін за пранос трыкалору пазбавілі акрэдытацыі.

«Камсамолка» звязалася з ім і ўзяла інтэрвʼю. Фомачкін яшчэ знаходзіцца ў Бразіліі.

– Я выказаў агульнае меркаванне ўсёй паралімпійскай сямʼі, якое хтосьці не адважыўся выказаць услых ці дэманстраваць. Мы прынялі рашэнне, я думаю, яно правільнае, каб аказаць падтрымку расейскай камандзе, паралімпійцам, якія не прыехалі, на жаль, на гэтыя Гульні. Хоць я ўважліва слухаў прывітальную прамову кіраўніка Паралімпійскага камітэту, і ён сказаў, што мы ўсе – частка свету. Але, на жаль, чамусьці вялікай часткі свету не аказалася на гэтым форуме.

– Была інфармацыя, што менавіта калясачнікі, якія былі ў першым шэрагу, павінны былі везці сцягі Беларусі і Расеі.

– Я ў дадзенай сітуацыі быў заняты сваймі думкамі, у мяне свая задача была. І па шляху руху, а там калідор доўгі, шмат секʼюрыці стаяла, я не бачыў … Не магу каментаваць гэтую сітуацыю, я быў замыкаючым у калоне нашай. Фон, я лічу, усё ж такі атрымаўся. Свет убачыў расейскі сцяг. Расейскія спартсмены мне пісалі паведамленні па «Вайберу», дзякавалі. Мне прыемна, і ўсім прыемна.

– Як у вас забралі сцяг, што сказалі?

– Вельмі карэктна забралі. Прыйшлі з аргкамітэту, папрасілі прадʼявіць. Я паказаў, перадаў.

– Вы разумелі, што вас і ўсю беларускую зборную могуць пакараць?

– Я разумеў, што мяне пакараюць адназначна. Але быў разлік на тое, што зборную не пакараюць. Я не зʼяўляўся ні спартсменам, ні трэнерам.

– Тое, што вы родам з Армавіра, паўплывала на тое, што менавіта вы вынеслі расейскі сцяг?

– Я родам з Савецкага Саюзу.

У інтэрв’ю расейскай «Камсамолцы», бацька Фомачкіна (вайсковец) сказаў, што ягоны сын расеец, які нарадзіўся ў Польшчы.

ЮВ, belsat.eu, паводле kp.by

Стужка навінаў