Дзікавіцкі: Канцэрт «Народны альбом. 20 год» застанецца ў скарбонцы беларускай культуры


Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў Аляксей Дзікавіцкі распавядае, як узнікла ідэя правесці ў Беластоку маштабны канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў.

Аляксей Дзікавіцкі: Слухаць «Народны альбом» праз 20 гадоў… гэта такая рэч, у мяне некалькі разоў проста зʼявіліся слёзы на вачах, калі я гэта ўсё слухаў.

Для майго пакалення гэта культавы праект, які такі адбітак зрабіў на нашых лёсах, цяжка гэта нават з чымсьці параўнаць.

І слухаць гэта ў частковы новых аранжыроўках, з добрым гукам, у добрай залі філармоніі, з добрымі музыкамі і цэлай вялізнай залай сяброў, гэта, канешне, рэч, пра якую б год таму пачуў, не паверыў бы.

Сяргей Падсасонны: Зараз пасля спектаклю можам сказаць, што гэта было лёгка зрабіць?

Аляксей Дзікавіцкі: Што вы гаворыце! Гэта было вельмі цяжка зрабіць. Трэба адкрыта прызнацца: мы як тэлеканал можам зрабіць размову ў студыі, самыя розныя праграмы, але такога маштабу падзеяў мы ніколі не рабілі.

Гэта вельмі істотна, што гэта застанецца ў скарбонцы беларускай культуры.

Таму што мы не ведаем, ці была б такая магчымасць зрабіць гэта яшчэ раз праз дзесяць гадоў, калі «Народнаму альбому» будзе 30 гадоў. Невядома.

Сяргей Падсасонны: Дырэктарка «Белсату» спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы ўчора казала пра тое, што гэты канцэрт выстаўляецца пакуль што на польскай сцэне, і што яна мае надзею, што ў Беларусі ён таксама зʼявіцца. Чаму беларускія ўлады так баяцца гэтага, хаця, як падкрэслівала спадарыня дырэктар, што няма там ніякай палітыкі.

Аляксей Дзікавіцкі: Мне падаецца, што зараз сітуацыя такая ў Беларусі, што практычна можна было гэта запрапанаваць. Я не думаю, што беларускія ўлады маюць нейкую прычыну, каб адмаўляць. Іншая справа, што частка артыстаў, якія бяруць удзел у «Народным альбоме», – забароненыя ў Беларусі.

Па вялікім рахунку, калі б была разумная палітыка – а зараз мы кажам, што беларускія ўлады праводзяць палітыку лібералізацыі – то ў прынцыпе ў «Народным альбоме» нічога страшнага няма. Гэта ж проста за паўтары гадзіны мы атрымліваем кароткую гісторыю Беларусі.

Проста там не савецкі «падручнікавы» падыход да гісторыі нашай краіны.

Больш – у відэаразмове вышэй.