Апазіцыянераў не ўключылі ў выбарчую камісію, бо іхная заяўка «згубілася» у аблвыканкаме


Выбарчая кампанія ў Беларусі толькі стартавала, а апаненты дзейснай улады ўжо вымушаныя ісці за справядлівасцю ў суд.

Пры фармаванні выбаркамаў Берасцейскай вобласці не былі ўлічаныя прапанаваныя кандыдатуры ад руху «За Свабоду», хаця дакументы з заяўкай прыйшлі своечасова.

22 чэрвеня рух «За Свабоду» выслаў заказным лістом у Берасцейскі аблвыканкам прапанову ўключыць у выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў двух сваіх актывістаў – Сяргея Вакуленка і Віталя Чмяля. Але ліст… «згубіўся ў агульным аддзеле аблвыканкаму». Прынамсі так сказалі актывістам.

У выніку ліст апынуўся ў працоўнай групе, што займалася адборам кандыдатаў для працы ў выбарчай камісіі, толькі 27 чэрвеня.

У той жа дзень на сумесным паседжанні Берасцейскага аблвыканкаму і прэзідыума абласнога савету па фармаванні выбарчых камісіяў кандыдатуры Вакуленкі ды Чмяля не былі прапанаваныя і разгледжаныя.

29 чэрвеня рух «За Свабоду» звярнуўся ў суд і запатрабаваў адмяніць вынікі фармавання камісіяў. Сябры руху мяркуюць, што такі адбор у камісіі «прыціскае грамадзянскія правы» сябраў арганізацыі. Але ўжо 2 ліпеня Берасцейскі абласны суд вынес адмоўнае рашэнне. Пры гэтым яно ўступіла ў сілу неадкладна, яго нельга абскарджваць і аспрэчваць у беларускіх судах.

Глядзіце яшчэ >>> Берасце: старшыня выбарчай камісіі «прыкрывае» фальсіфікатараў, а міліцыя дапамагае знішчаць доказы

Цяпер актывісты руху «За свабоду» плануюць звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі.

Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі актывіста гэтай жа арганізацыі Дзяніса Турчаняка не ўключылі ў выбарчую камісію. Ён таксама звярнуўся ў суд, і таксама атрымаў там адмову. Цяпер сітуацыя паўтарылася, толькі з іншымі сябрамі руху «За свабоду».

«Думаю, што працоўныя групы, якія абіралі кандыдатаў у камісіі, былі сфармаваныя з прыхільнікаў дзеючай улады. У гэтых групах не было ніводнага апазіцыянера. Як туды можна трапіць таксама невядома. У выніку нашых актывістаў у камісіях не аказалася. Суд нам таксама ў гэтай магчымасці адмовіў. Зыходзячы з таго, што мы пабачылі, можна меркаваць, што выбары не будуць адкрытымі і справядлівымі», – так Дзяніс Турчаняк пракаментаваў сітуацыю Belsat.eu.

СА, Belsat.eu

Стужка навінаў