Уладальнікі кава-аўтаматаў і дзіцячых атракцыёнаў: «Пакуль мяняць нічога не будзем»


Заўтра ў Беларусі зʼявяцца новыя грошы. Праўда, яшчэ паралельна можна будзе разлічвацца і старымі купюрамі.

Уладальнікі аўтаматаў з кавай разлічваюць на старыя купюры

Журналіст Belsat.eu даведаўся, з якімі складанасцямі сутыкнуцца ўладальнікі кава-аўтаматаў і дзіцячых атракцыёнаў.

«Дзяржава не прадумала дэталі»

Шмат якія бізнесоўцы кажуць, што нічога рабіць не плануюць, з 1 ліпеня ўсё застанецца па-ранейшаму.

«Дзяржава занадта позна выдала нам манетапрыёмнікі, таму нешта памяняць ужо не паспяваем. Пройдзе пару месяцаў, пакуль штосьці зменіцца», – распавёў Belsat.eu гаспадар некалькіх кава-аўтаматаў.

Пэўны час набываць каву можна будзе старымі купюрамі. Новыя ж нясуць рызыку для ўладальнікаў бізнесу.

«Са зʼяўленнем новых грошай мы можам панесці фінансавыя страты. Справа ў тым, што манетапрыёмнікі практычна аднолькава чытаюць манету наміналам 2 і 10 капеек. І тут мы можам прайграць, калі 2 капейкі апарат будзе лічыць як 10. Скажу больш: манетапрыёмнік прымае польскія злотыя, украінскія грыўны і расейскія рублі. І калі людзі пачнуць кідаць у апарат злотыя нічога страшнага, а вось калі расейскія капейкі, гэта будзе сурʼёзны ўдар па нашым бізнесе», – працягвае суразмоўца.

Іншы ўладальнік кава-аўтаматаў таксама пацвярджае, што першы час праца будзе весціся «па старой схеме». І скардзіцца на цяжкасці пераходу на новыя грошы:

«Дзяржава ізноў ня прадумала шмат якія дэталі, таму ўсё ідзе не вельмі гладка і не так, як планавалася першапачаткова. Да таго ж не кожны чалавек чыста псіхалагічна гатовы кінуць у апарат 5 рублёў – усё ж гэта 50 тысячаў старых. Думаю, у нашых кава-машынах вы без праблемаў зможаце разлічвацца старымі купюрамі».

Дзіцячыя атракцыёны будуць працаваць толькі за «старыя грошы»

Гаспадыня дзіцячых машынак-атракцыёнаў у адным з гандлёвых цэнтраў Берасця заўважае, што разлічыцца за забаву для дзяцей пасля 1 ліпеня можна будзе толькі старымі купюрамі.

«Вялікая маса старых купюраў застанецца ў людзей на руках. Таму не думаю, што ўзнікнуць праблемы. Пакуль мы не гатовыя пераабсталяваць нашыя апараты пад новыя грошы. Вось калі старыя купюры стануць выходзіць з абароту, мяркую месяцы праз два-тры, тады мы і зоймемся пераабсталяваннем нашых аўтаматаў», – кажа ўладальніца дзіцячых машынак.

Алесь Ляўчук, Belsat.eu

Стужка навінаў