Указ № 222: Самагубства самагубствам, а штраф заплаціце


Ці можа самагубства быць найлепшым выйсцем, калі ў жыцці ўсё кепска? 55-гадовая прадпрымальніца з Гомля Таццяна Дупанава, якая разбілася насмерць, упаўшы з 8-га паверху, магла дайсці да такога рашэння пад ціскам з боку дзяржаўнай сістэмы. Незадоўга да смерці ў яе сканфіскавалі тавар на вялікую суму, далі штрафы, меўся адбыцца суд нібыта за парушэнне правілаў гандлю.

Трагічная смерць, і пахаванне прадпрымальніцы ніяк не паўплывалі на дзеянні правяральных органаў адносна іншых дробных бізнесоўцаў. «ІПэшнікі» кажуць, што дзяржава хоча іх зліквідаваць, як клас.

 «Гэта не першая смерць, паверце. Людзі бралі крэдыты, людзі спадзяваліся на штосьці жыць, людзі працавалі. Але калі ім нахабна кажуць што вы ніхто і нішто, топчуць, прыніжаюць, знішчаюць, то ў людзей безвыходнае становішча», – тлумачыць Тамара Зайцава, былая прадпрымальніца з Калінкавічаў.

Безвыходнае становішча, беспрасветнае жыццё – так бачаць свет людзі ў дэпрэсіі, да якой у Беларусі нярэдка прыводзяць эканамічныя цяжкасці і сацыяльная несправядлівасць. Маруднай трагедыяй называў сваё жыццё Ігар Канановіч, паэт, які, імаверна, таксама скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з даху ля Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Гэта быў сапраўдны настаўнік – кажа пра Канановіча сябар Алесь Емяльянаў.

 «Ён, канешне, вельмі пераймаўся тым, што настаўнік у гэтай краіне гэта ніхто. Сапраўды »скаціна«, як ён напісаў у адным са сваіх вершаў, бо грузчык, якім ён працаваў апошні час у »Кароне«, атрымлівае Br 5 млн, а настаўнік – 2», – распавядае паэт Алесь Емяльянаў, сябра Ігара Канановіча.

Нярэдка чалавека, што дайшоў да псіхалагічнага крызісу, можна выратаваць, калі проста выслухаць, кажа псіхатэрапеўт Андрэй Мяцельскі. Дэпрэсію і суіцыдальныя думкі можна заўважыць.

 «Чалавек сыходзіць у сябе, замыкаецца, перастае рэагаваць на вонкавыя раздражняльнікі. Аб чымсьці напружана думае, бачна, што ў яго кепскі настрой», – звяртае ўвагу псіхатэрапеўт.

Андрэй Мяцельскі мае досвед працы на тэлефоне даверы. Там заўжды гатовыя дапамагчы.

 «Самае хуткае – тэлефон даверу. Але цяпер вельмі шмат і псіхолагаў, і псіхатэрапеўтаў. То бок заўжды можна знайсці нейкія вольныя вушы, прафесіянала, які насамрэч можа дапамагчы», – упэўнены спадар Мяцельскі.

Самагубства гэта найгоршы варыянт дзеянняў, кажуць адмыслоўцы. Дасягнуць мэты – абнуліць жыццё – не абавязкова атрымаецца. Праблемы застануцца, родным і блізкім будзе яшчэ горш. То можа, лепш паспрабаваць пачаць жыццё з нуля?

 Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота – onliner.by

Стужка навінаў