Лоеўскі тупік і агрэсіўная міліцыя


Лоеў – тыповы беларускі райцэнтр. Сёння старажытнае мястэчка мае і тыповыя «ўпрыгожанні»: закінутыя ўстановы і збанкрутаваныя прадпрыемствы. Адным з апошніх на дно тут ідзе мясцовы камбінат будматэрыялаў, супраць якога ўжо запусцілі працэс ліквідацыі – з-за непамерных запазычанасцяў.

«Якая сітуацыя зараз? Плачэўная! Не разлічыліся з людзьмі, якіх пазвальнялі, і з намі не разлічваюцца», – дзеліцца механік Павел Сяргеенка.

Заплаціць за газ, электраэнергію і за дзяржаўныя крэдыты даўно папросту няма чым. Каб хоць неяк разлічыцца хоць бы з людзьмі, прадпрыемства распрадае тэхніку. А мясцовыя ўлады не хочуць адказваць не толькі за гаротны стан мястэчка, але і нават папросту на пытанні незалежных журналістаў.

«Калі Вы хочаце атрымаць нейкі каментар, Вы павінны былі да нас прыехаць да нас і зрабіць пісьмовы запыт!», – кажа Ірына Пастухова, кіраўніца справамі райвыканкаму.

А вось простыя лоеўцы нашмат больш гаваркія: усё адно губляць ужо няма чаго!

«Першасная перапрацоўка: смятана, вяршкі – зачынілася. «Дзяржстрах» сышоў, ваенкамат сышоў», – канстатуе мясцовы жыхар.

«Людзі без працы сядзяць. Тут няма чым заняцца! А што думаюць, Лукашэнка гаворыць сваё дзела – хай гаворыць, але ж не ў той бок ён гаворыць! Хоць бы прыехаў у калгасы!», – мяркуе тутэйшы спадар.

«Таму што ў нас кіраўніцтва ставяць як… Не ведаю, адкуль бяруць, але гэтыя прыходзяць сюды, 2-3 гады – разбамбяць усё! – і наступныя, яшчэ горш робіцца!», – абураецца суразмоўца.

Хто ж у Лоеве акрамя чыноўнікаў з працаю, дык гэта міліцыянты. Што праўда, працоўнымі іхныя дзеянні назваць цяжка – прынамсі ў дачыненнях з незалежнымі журналістамі.

 

 

Лоеўскія сілавікі жорстка затрымалі нашых калегаў Аляксея Атрошчанку і Кастуся Жукоўскага, якія працавалі над рэпартажам пра стан эканомікі ў рэгіёне, сапсаваўшы ім тэхніку. Пасля журналістаў зацягнулі ў пастарунак, дзе прадоўжылі катаванні.

«Збілі на падлогу, ламалі рукі, душылі, нагою скакалі па маёй галаве і па кайданках, якія яны адзелі мне на рукі. Гэта сведчыць пра тое, што папросту працаўнікі міліцыі ў некаторых рэгіёнах лічаць, што яны там цары-каралі і закон ім не ўказ!», – упэўнены пацярпелы журналіст Кастусь Жукоўскі.

Як вынік, журналісты знялі пабоі ды склалі заявы ў Следчы камітэт. Вось толькі ці будуць пакараныя злачынцы ў пагонах? Паводле міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, цяпер ідзе службовае правяранне, але на ягоную думку, у міліцыянтаў не было аніякіх прычынаў для гвалту. І сапраўды, прычынаў не было – навошта ж тады білі?

Валер Руселік, «Белсат»

Стужка навінаў