Выхад Брытаніі з ЕЗ яшчэ больш падштурхне Беларусь да Расеі?


ДЭЙВІД КЭМЭРАН, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:«Толькі вам прымаць рашэнне, якое паўплывае на вашую будучыню, будучыню вашых дзяцей ды ўнукаў. Нашая эканамічная бяспека мае першаснае значэнне. Калі мы пакінем Еўразвяз, мы паставім гэтую бяспеку пад пагрозу. І тады ўжо не будзе шляху назад».

Магчымы выхад Вялікай Брытаніі з агульнай еўрапейскай сям’і можа ўдарыць у першую чаргу па рынку працы ў краіне Туманнага Альбіёну. Найбольшую занепакоенасць заўтрашні рэферэндум выклікае ў польскіх мігрантаў, якія масава працуюць у брытанскіх гарадах.

КШЫШТАФ ТЫЛЕЦ, ПРАЦАЎНІК У ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:«Я думаю, брытанцы прагаласуюць за захаванне сяброўства ў Еўразвязе. Інакш мне і маёй сям’і давядзецца ехаць у Люблін, адкуль я родам. Давядзецца вяртацца да свайго ранейшага жыцця, шукаць працу і займець неперспектыўную будучыню».

Гэтак, у горадзе Бостан, што ў павеце Лінканшыр, больш за 15 % насельніцтва складаюць выхадцы з іншых краінаў Еўразвязу – пераважна літоўцы і палякі.

СТАНІСЛАЎ КАВАЛЬСКІ, ПОЛЬСКІ СВЯТАР, БОСТАН, ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ:«Людзі непакояцца, але гэта не паніка. Яны маюць тут працу, хтосьці купіў сабе кватэру, дзеці ходзяць у школу… Каб хто прыйшоў і папрасіў памаліцца за тое, каб мы тут засталіся – такога няма…»

Магчымы «брэкзіт» можа паўплываць не толькі на ўласна брытанскую эканоміку, але і на эканамічныя працэсы ва ўсім свеце. Гэтак, некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што выхад Брытаніі з ЕЗ пацягне ўніз і эканоміку нашай краіны. Да таго ж «брэкзіт» можа справакаваць яшчэ большы разварот Беларусі ў бок Расеі ды створыць дадатковыя перашкоды ў спрашчэнні візавага рэжыму з краінамі Еўразвязу.

ТАНАС ЛІЁЛІЯКІС, ТУРЫСТ З ГРЭЦЫІ:«Замест таго, каб жыць паасобку, мы мусім будаваць жыццё разам. Вядома, ёсць бюракратыя, ёсць пэўныя праблемы, але мы павінны працаваць над пераадоленнем гэтага».ХАСЭ ДЭЛЬГАДА, ТУРЫСТ З ІСПАНІІ:«Думаю, што яны маюць права гэта зрабіць. Я магу зразумець іхныя прычыны. Але мяркую, што яны не ўсведамляюць, да чаго можа прывесці гэты рэферэндум».

Адмыслоўцы звяртаюць увагу на яшчэ адзін немалаважны пункт: выхад Брытаніі з Еўразвязу можа пагоршыць здольнасць краіны супрацьстаяць тэрарызму.

НАЙДЖЭЛ ІНКСТЭР, БЫЛЫ КІРАЎНІК САКРЭТНАЙ ВЫВЕДНАЙ СЛУЖБЫ, ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ:«Самым вялікім дасягненнем сяброўства Вялікай Брытаніі ў Еўразвязе з гэтага гледзішча стаў абмен шырокім наборамі звестак – інфармацыя аб падарожжах, запісы тэлефонных размоваў і гэтак далей, то бок той інфармацыі, якая можа быць карысная для выяўлення патэнцыйных тэрарыстаў. Гэты набор звестак – агульны паводле еўрапейскага заканадаўства. І калі Злучанае Каралеўства пакіне Еўразвяз, то яно аўтаматычна страціць доступ да гэтай інфармацыі».

Эксперты ацэньваюць імавернасць «брэкзіту» як 50 на 50. Але, як адзначаюць адмыслоўцы ў рэферэндумах, калі людзі галасуюць, захоўваецца тэндэнцыя статус-кво. Да таго ж, нават калі брытанцы падтрымаюць выхад краіны з ЕЗ, Злучанае Каралеўства яшчэ цягам двух гадоў застанецца сябрам Еўразвязу, пакуль будуць ісці фармальныя працэдуры выхаду з агульнаеўрапейскай сям’і.Віталь Бабін, «Белсат»