Беларусь – лідар у колькасці людзей, якія атрымалі карту паляка


За дзевяць гадоў карту паляка атрымалі каля 75 тысяч грамадзянаў Беларусі, паведаміў новы пасол Польшчы Конрад Паўлік 15 чэрвеня на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў Менску.

«Мы праводзілі аналіз выкарыстання карты. Каля 13 % атрымалі карту і не выкарыстоўваюць яе – гэта пераважна сталыя людзі, для якіх карта – сімвалічны дакумент. 87 % уладальнікаў карты паляка карыстаюцца ёю для прыезду ў Польшчу, але большасць з іх карыстаецца толькі для таго, каб атрымаць бясплатную візу», – цытуе польскага пасла БелаПАН.

Конрад Паўлік адзначыў, што ўладальнікі карты паляка могуць атрымліваць у Польшчы від на жыхарства, адукацыю, зніжкі на праезд у грамадскім транспарце.

«Не хацеў бы, каб пытанне пра карту паляка было перабольшанае, хацеў бы, каб ставіліся спакайней, – сказаў пасол. – Гэта быў наш маральны абавязак перад палякамі, якія пражываюць на постсавецкай прасторы, даць ім магчымасць прыезду ў Польшчу, навучання тут, бо доўгія гады ў іх такой магчымасці не было».

Усяго выдадзена каля 170 тысяч картаў паляка, з іх 75 тысяч – у Беларусі, каля 70 тысяч – ва Украіне, астатнія – у іншых суседніх з Польшчаю краінах.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў