Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»


Амаль двухмесячная гераічная абарона «Азоўсталі» ва ўмовах аблогі і няспынных абстрэлаў стала сапраўдным сімвалам украінскага супраціву расейскай агрэсіі. Belsat.eu распавядае гісторыю палка «Азоў», на які выпаў асноўны цяжар баёў у Марыупалі і вакол якога расейская прапаганда стварыла шмат міфаў.

Металургічны завод «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. 13 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Гісторыя стварэння

Батальён «Азоў» быў заснаваны ў Бярдзянску 5 траўня 2014 года ў якасці добраахвотніцкага фармавання МУС. Касцяк батальёну склалі актывісты харкаўскай нацыяналістычнай арганізацыі «Патрыёты Украіны» і ўдзельнікі Майдану.

Заснавальнікам і першым камандзірам «Азова» быў выпускнік гістарычнага факультэту Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэту Андрэй Білецкі. Ён быў вядомым у нацыяналістычных колах актывістам і ідэолагам ультраправага руху сацыял-нацыяналізму. Білецкі ў часы Віктара Януковіча трапіў пад палітычна матываваны крымінальны пераслед – яго вызвалілі пасля перамогі Еўрамайдану.

«Азоў» прымаў актыўны ўдзел у вайне на Данбасе, зарабіў сябе рэпутацыю аднаго з найбольш дысцыплінаваных і баяздольных добраахвотніцкіх падраздзяленняў. У траўні 2014 году менавіта «Азоў» вызваліў Марыупаль ад прарасейскіх сепаратыстаў.

Першы камандзір «Азова»Андрэй Білецкі.
Фота: nationalcorps.org

Ад самага пачатку ў шэрагах батальёну служылі не толькі ўкраінцы, але і замежнікі – у тым ліку каля дзясятку беларусаў. Ілля Хрэнін («Літвін»), які сёлета загінуў у баях за Бучу, таксама ў 2014 годзе ваяваў у складзе «Азова».

У верасні 2014 года батальён «Азоў» быў рэарганізаваны ў полк і ўвайшоў у склад Нацыянальнай гвардыі. Перад пачаткам вялікай вайны ў склад «Азову» ўваходзіла каля тысячы байцоў, у іх на ўзбраенні была артылерыя і бранятэхніка. Асноўнай базай палка з’яўляўся Марыупаль, які полк гераічна абараняў вясной 2022 году.

Аналітыка
«Яны застаюцца ў пекле». Што трэба ведаць пра абарону «Азоўсталі»
2022.05.17 00:22

Сімволіка «Азова»

Расейская прапаганда абрала полк «Азоў» ледзь не галоўнай мішэнню сваіх нападак і стварыла вакол падраздзялення шмат міфаў. Расейскія СМІ называюць яго «нацысцкім батальёнам», «карнікамі», і прыпісваюць падраздзяленні выдуманыя зверствы. Цяпер у Расеі «Азоў» нават хочуць прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Пры гэтым паказальна, што галоўным аргументам супраць падраздзялення звычайна становяцца не спасылкі на канкрэтныя дзеянні азоўцаў, а апеляцыя да іх сімволікі і поглядаў асобных байцоў.

Ва ўкраінскай сталіцы ля амбасады Кітаю прайшла акцыя ў падтрымку абаронцаў Марыупалю. Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

У прыватнасці пракрамлёўскія прапагандысты выстаўляюць прэтэнзіі да руніцкай сімволікі падраздзялення, якая выкарыстоўваецца на шаўронах і сцягах. Многія сапраўды бачаць у гэтым знак Wolfsangel (ваўчыны крук), які быў эмблемай дывізіі СС «Дас Райх» у гады Другой сусветнай вайны.

Але прадстаўнікі «Азову» заўсёды тлумачылі, што сімволіка падраздзялення не мае на ўвазе спасылак на нямецкую, тым больш эсэсаўскую геральдыку. А руніцкі знак у эмблеме палка інтэрпрэтуюцца як накладзеныя адзін на аднога ўкраінскія літары «I» (Ідэя) і «N» (Nацыі). Паводле азоўцаў, гэты сімвал адсылае да гісторыі ўкраінскага сярэднявечча – такі знак у розных версіях быў папулярны сярод валынскай шляхты і казакоў.

Да таго ж можна заўважыць, што рунічны сімвал, які выкарыстоўваў «Дас Райх», і рунічны сімвал на сцягах «Азова» – не ідэнтычныя.

Злева – эмблема палка «Азоў», справа – эмблема дывізіі «Дас Райх». Крыніца: wikipedia.org

Варта таксама дадаць, што знак «ваўчыны крук» і ў нямецкай гісторыі звязаны далёка не толькі з СС. Эсэсаўцы выкарыстоўвалі адну з версіяў старажытнага нямецкага геральдычнага сімвала, які ў розных варыяцыях дагэтуль можна сустрэць у гербах некаторых населеных пунктах Нямеччыны.

Ідэі азоўцаў і рэпутацыя на Захадзе

Пры гэтым ніхто не аспрэчваў, што асабліва спачатку, у 2014-2015 гг., сярод байцоў «Азова» было нямала прыхільнікаў ультраправых поглядаў.

Сапраўды, некаторыя азоўцы ў той час асабіста выкарыстоўвалі нацысцкую сімволіку, у тым ліку мелі адпаведныя татуіроўкі. Іншыя азоўцы адкрыта выказвалі свае неанацысцкія погляды ў шэрагу інтэрв’ю ў 2014-2015 гадах: разважалі аб «выжыванні белай расы» і «пагрозе сіянізму», адмаўлялі Галакост.

Пацярпелы ўкраінскі вайсковец сядзіць у палявым шпіталі ў бункеры металургічнага заводу «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. 10 траўня 2022 года.
Фота: Azov Regiment Press Service / Reuters / Forum

Але далёка не ўсе байцы захапляліся ўльтраправымі ідэямі. Беларускі добраахвотнік з пазыўным «Грот» сцвярджаў у 2015 годзе, што «сярэднестатыстычны «азовец» – здаровы нацыяналіст без адольфаў гітлераў», а сапраўдных радыкалаў у палку вельмі мала. Беларус з пазыўным «Ота» казаў у 2016 годзе, што сярод азоўцаў у прынцыпе няма ніякай акрэсленай ідэалогіі, звязанай з правымі ідэямі: «Так, ёсць прыхільнікі пэўнай моладзевай субкультуры, але глыбінныя ідэалагічныя погляды ёсць толькі ў адзінак».

У 2015 годзе прэс-сакратар «Азова» Андрэй Дзячэнка ў інтэрвʼю USA Today прызнаваў, што сярод байцоў можа быць ад 10 да 20% правых радыкалаў. Але пры гэтым падкрэсліваў, што гэта іх персанальныя погляды, якія не маюць нічога агульнага з афіцыйнай ідэалогіяй падраздзялення. Афіцыйнай ідэалогіі ў палка «Азоў» проста няма.

У першыя гады існавання падраздзялення скандальныя выказванні некаторых байцоў, іх атрыбутыка і сама асоба заснавальніка «Азова» Андрэя Білецкага стваралі адмоўны імідж падраздзяленні на Захадзе. Вядучыя заходнія медыі (Foreign Policy, The New York Times, The Guardian і інш.) абвінавачвалі батальён у нацысцкіх, расісцкіх і антысеміцкіх поглядах. Расказваючы аб ультраправых ідэях байцоў батальёна, брытанская The Telegraph рэзюмавала: «Такія персанажы, якія ваююць на баку Кіева, гуляюць на руку расейскай і сепаратысцкай прапагандзе, выстаўляючы ўкраінскія ўлады «фашысцкай хунтай», якая кіруецца Захадам».

Параненых украінскіх вайскоўцаў расейская армія вывозіць з блакаднага заводу «Азоўсталь» у Марыупалі, Украіна. 16 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Рэпартажы аўтарытэтных заходніх медыяў пра «Азоў» у сваю чаргу ўплывалі на палітычны істэблішмент. Пачынаючы з 2014 года амерыканскія кангрэсмены некалькі разоў блакавалі перадачу любой дапамогі «Азову». А ў 2019 годзе група заканадаўцаў ЗША прапанавала ўнесці «Азоў» у спіс замежных тэрарыстычных арганізацыяў на той падставе, што полк нібыта меў сувязі з новазеландскім стралком, які арганізаваў бойню ў Крайстчэрчы. Насамрэч ніякіх доказаў гэтаму проста не існавала і ініцыятыва кангрэсменаў не мела перспектывы.

Сапраўды прэса вельмі часта звяртала ўвагу на ўльтраправыя погляды асобных азоўцаў. Але пры гэтым няма ніводнага факту, які б паказваў, што азоўцы на практыцы агрэсіўна ставіліся да пэўных нацыянальных групаў. «Азоў» заўсёды быў шматнацыянальным падраздзяленнем – там служылі шведы, харваты, расейцы, беларусы, габрэі, крымскія татары, грэкі, албанцы, азербайджанцы ды інш.

Сёння на нефармальным узроўні сярод байцоў пануюць ідэі ўкраінскага нацыяналізму ў шырокім сэнсе гэтага паняцця.

«Пры аналізе публічных сацсетак як дзейных, так і былых байцоў палку «Азоў» хутка становіцца зразумела, што адзіная ідэалогія, распаўсюджаная ў падраздзяленні – гэта ўкраінскі нацыяналізм. Пры чым не ў этнічным сэнсе, а ў сучаснай еўрапейскай інтэрпрэтацыі, гэта значыць больш падобнай да грамадзянскага амерыканскага патрыятызму», – адзначала прадстаўніца міжнароднага цэнтра «Ukrainian Struggle Centre» Аліна Стара.

Эксперт па Украіне і постсавецкім ультраправым у парыжскім інстытуце INALCO Андрыен Нанжон сёлета ў інтэрв’ю DW адзначыў, што некаторых байцоў палка «Азоў» можна назваць «радыкальнымі нацыяналістамі», але не неанацыстамі.

Дысцыпліна і дэпалітызацыя

Варта падкрэсліць, што «Азоў» ніколі не меў нейкіх асаблівых прывілеяў, асаблівага статусу ў сілавых структурах. Падраздзяленне ўваходзіць у структуру Нацыянальнай гвардыі, якая падпарадкоўваецца прэзідэнту Украіны і выконвае ягоныя загады як Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Непадкантрольнасць азоўцаў цэнтральным уладам – яшчэ адзін міф расейскай прапаганды. Насамрэч «Азоў» ад самага пачатку свайго існавання меў рэпутацыю вельмі дысцыплінаванага падраздзялення.

Украінскі жаўнер стаіць пад сонечным святлом падчас блакады заводу «Азоўсталь». Марыупаль, Украіна. 16 траўня 2022 года.
Фота: kztsky / Instagram

Ніякага ўплыву на ўкраінскую палітыку «Азоў» таксама не мае. Пракрамлёўскія прапагандысты звычайна спекулююць на тым, што ў 2016 годзе заснавальнік Білецкага разам з ветэранамі падраздзялення стварыў партыю «Нацыянальны корпус». Але поспеху ў электаральных кампаніях яна ніколі не мела. Рэйтынг партыі ў жніўні 2021 года сацыёлагі ацэньвалі на ўзроўні 0,8%. Пры гэтым сам Білецкі на момант стварэння партыі ўжо не служыў у «Азове». Сувязі паміж палком і партыяй маюць выключна нефармальны характар.

Эксперт інстытуту INALCO Андрыен Нанжон у інтэрв’ю DW падкрэсліў, што сёння полк «Азоў» цалкам дэпалітызаваны і з’яўляецца «афіцыйнай сілай украінскага ўраду».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў