Як ставяцца ўцекачы з Украіны да валанцёраў з Беларусі


«Маю права» пабывала ў польскім лагеры для ўцекачоў з Украіны. Мы паразмаўлялі з украінцамі, якія выратаваліся ад расейскіх абстрэлаў, а таксама з беларусамі, якія дапамагаюць ім чым могуць як валанцёры.

24 лютага 2022 года расейскія войскі ўварвалася ва Украіну. Сотні тысяч жыхароў Украіны былі вымушаныя ўцякаць з тэрыторый ваенных дзеянняў. «Маю права» не змагла застацца ў баку ад праблемы ўцекачоў, таму гэтае выданне мы знялі ў лагеры на ўкраінска-польскай мяжы. Героямі праграмы сталі ўкраінскія ўцекачы і беларускія валанцёры.

Дар’я Брахунец-Баўквадзэ – харкаўчанка, разам з сямʼёй і хатнімі гадаванцамі вымушана была пакінуць родны Харкаў і бегчы ад вайны ў Польшчу. Цяпер жыве ў лагеры ўцекачоў у Пшэмысьлі. Жанчына расказала, што Харкаў бамбілі з самалётаў, сірэны гучалі па 5–6 разоў на дзень, мірныя жыхары хаваліся ў сутарэннях.

«Так працягвалася 6 дзён, праз 6 дзён пачалі лётаць знішчальнікі і зніштажаць увесь горад, бамбіць усе жылыя структуры. Жылыя! Дзе жывуць людзі. Мы раніцай сабраліся, паехалі на вакзал, прывезлі з сабой катоў», – узгадвае Дарʼя.

Фотарэпартаж
Як выглядае Харкаў пасля чарговага бамбавання
2022.03.02 20:48

У лагеры ўцекачоў жанчына жыве разам з маці, сынам, мужам і двума катамі. Муж Дарʼі – грузін, які падчас грузінска-абхазскага канфлікту ў 1993 годзе 7-гадовым хлопчыкам быў эвакуяваны ва Украіну. Цяпер ён страціў свой дом другі раз, з-за расейскай агрэсіі. Бліжэйшым часам сямʼя спадзяецца пераехаць у Познань, каб уладкоўваць сваё жыццё там.

«Мы вельмі хочам працаваць. Мы не прыехалі сядзець і атрымліваць дапамогу, мы проста хочам працаваць і мець годны ўзровень жыцця без вайны», – кажа спадарыня Дарʼя.

Фота
Замест дому – матрац у спартзале. Закарпацце прымае перасяленцаў
2022.03.09 19:35

У лагеры ўцекачоў мы сустрэлі беларускага валанцёра Міхаіла Тананку. Пасля падзеяў 2020 года хлопец вымушаны быў зʼехаць з Беларусі ў Польшчу, цяпер ён вучыцца на журналіста ў Ольштыне. Некалькі дзён таму Міхаіл прыехаў на мяжу, каб дапамагаць уцекачам з Украіны.

«Калі прыехаў, спачатку не разумеў, што рабіць, стараўся нейкія простыя задачы выконваць: на кухні, прынясі-падай, потым пачаў хутка ўлівацца, і цяпер я ўжо ўсё раблю, менеджар, арганізатар, лагіст, усе разам раблю», – распавядае юнак.

На нашае пытанне аб стаўленні да беларусаў на фоне апошніх падзеяў Міхаіл адказаў, што не адчувае ніякай дыскрымінацыі. Ён упэўнены, што галоўная мэта цяпер – дапамога, таму не трэба траціць свае сілы і час на высвятленне адносін і абразы ў інтэрнэце.

Аналітыка
Уцекачы з Украіны ў Еўропе: маштабы крызісу, кірункі, умовы
2022.03.09 10:00

Наша наступная гераіня – беларуская палітычная эмігрантка Кася Шульган, якая таксама працуе валанцёркай на мяжы, адзначае:

«Да мяне яшчэ не было ніякіх прэтэнзіяў. Хутчэй на мяне ўплывае, што пішуць і распаўсюджваюць такую інфармацыю ў інтэрнэце і самі беларусы, таму мне стала трошкі сорамна казаць, што я з Беларусі. Я спрабавала ўхіліцца ад гэтых пытанняў, спрабавала апраўдвацца. Але насамрэч, калі я кажу, што зʼехала ў 2020 годзе, усе кажуць: «Так, мы ўсё разумеем, любім беларусаў». І не было яшчэ ніводнага чалавека, які што-небудзь дрэннае сказаў бы пра нас, наадварот, усе максімальна па-добраму ставяцца».

Парады
Як дапамагчы ўцекачам з Украіны, якія прыбылі ў Беларусь?
2022.03.19 18:19

Мы звярнуліся па каментар да Вольгі Вялічкі – псіхолага арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць». Вольга кажа, што беларусаў несумненна закране хваля нянавісці, якая сёння ёсць да расейскамоўных людзей. Але цяпер не час звяртаць сваю ўвагу на сваркі, якія толькі раздзяляюць і эмацыйна спусташаюць. Спадарыня Вольга растлумачыла, што беларусы ўнутры Беларусі, дзе больш за паўтара года працягваюцца жорсткія рэпрэсіі, могуць адчуваюць віну і бездапаможнасць, бо амаль не маюць інструментаў і магчымасцяў змяніць сітуацыю. Таксама ў іх можа ўзнікаць пачуцце злосці на беларусаў, якія жывуць за мяжой і маюць значна больш варыянтаў, каб дапамагчы і выказаць сваю салідарнасць з украінскім народам. Акрамя таго, беларусы могуць адчуваць сорам за дзеянні так званага кіраўніцтва Беларусі.

Спадарыня Вялічка таксама тлумачыць, чаму ўкраінцы часам не разумеюць сітуацыі, у якой жывуць беларусы, і лічаць, што яны не дзейнічаюць так актыўна, як хацелася б. Украінцы як мінімум з 2014 года былі ў іншых палітычных і сацыяльных умовах, іх дзяржаўная структура развівалася па-іншаму. Менавіта таму ў выпадку непаразуменняў лепш не скардзіцца і абурацца, а тлумачыць, што беларусы раздзяляюць пачуцці ўкраінцаў, што яны салідарныя з імі і робяць усё магчымае, а часам і немагчымае, каб у Беларусі сышла дыктатура, якая падтрымлівае расейскую агрэсію. Важна, каб украінцы чулі, што беларусы на іх баку, разам з імі і робяць усё, што могуць, каб дапамагчы.

Артыкулы
«Беларус украінцу не вораг. У нас ёсць агульны агрэсар». Як аб’ядноўваюцца беларускія і ўкраінскія дыяспары ў Польшчы
2022.03.08 10:00

Вольга ўпэўненая, што цяпер як ніколі трэба яднацца, а не дзяліцца, бо сваркі, раскол выгадныя толькі прапагандзе.

«Я згаджуся са словамі Каліноўскага, які казаў, што не трэба звяртаць увагі на сваркі, бо галоўная задача ворага – падзяліць і прымусіць эмацыйна знясіліцца ў гэтых размовах пра тое, што добра, а што не добра. Амаль 200 гадоў таму Каліноўскі пра гэта напісаў, і па сённяшні дзень расейская прапаганда гэтым карыстаецца. Таму я б пажадала беларусам быць больш пільнымі, больш крытычнымі і больш верыць у сябе».

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.