Салдата, які ў жніўні 2020 года адмовіўся страляць у людзей, звінавацілі ў захаванні наркотыкаў


Андрэй і Алеся – беларускія акторы з Гомля, актыўныя ўдзельнікі пратэстаў. Мусілі праз гэта з’ехаць у Варшаву. У выніку арыштавалі іхнага старэйшага сына і звінавацілі ў захаванні наркотыкаў. Хлопец, да таго ж, адмовіўся ісці супраць беларускага народу, калі праходзіў вайсковую службу ў жніўні 2020 года.

«Ён падчас гэтых усіх падзеяў, калі разганялі пратэстоўцаў, быў у войску. Служыў у Менску. Саша патэлефанаваў нам і сказаў, што іх выпраўляюць на Стэлу. Ён сказаў: «Я адмовіўся». Ім выдалі зброю, баявыя патроны, аўтаматы. Сказаў, што яшчэ грошы плацілі. Было некалькі такіх эпізодаў. Сашка адмовіўся. І гэта было для нас паказальным. Апроч яго, яшчэ некалькі чалавек адмовіліся ехаць. Тыя, хто ўсё разумеў. Але іх пасля прэсавалі моцна. Проста знішчалі», – успамінаюць бацькі.

Сын і тата. Фота з асабістага архіва герояў

«Пасля выбараў у нас памянялася ўсё. З першых дзён. Мы пайшлі на свой участак паглядзець спісы, якія, вядома ж, не вывесілі. Мы выходзілі, як усе мірныя грамадзяне, на мірны пратэст са сцягамі, заклікалі ў сацсетках, расказвалі людзям, якія верылі, што выбары сумленныя, што гэта не так. У сярэдзіне лістапада, калі пачаўся страшны прэсінг, мы пайшлі ў «партызаны». Мы яшчэ працавалі ў Цэнтры інклюзіўнай культуры. Рэжысёрам і кіраўніком тэатру «Інклюзіён», што рабіў спектаклі для людзей з інваліднасцю, для невідушчых. Мы адкрылі фонд паўтара года таму – «Разам тут». І фонд дапамагаў тэатру рабіць гэтыя праекты для дзяцей са слабым зрокам і невідушчых. Для дарослых. Паездкі ў дзіцячыя дамы… «Разам тут» – фонд, што дапамагае людзям з інваліднасцю, – прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Гэта Беларусь», – успамінаюць Алеся і Андрэй.

Маці і сын. Фота з асабістага архіва герояў

«Праз 25 гадоў акторскія ўлады сказалі, што гэта не тая справа, якою я магу займацца. Тэатр закрылі. Усю астатнюю дзейнасць, якую мы вялі сацыяльную, таксама зашчамілі», – кажа Андрэй.

Атмасферны спектакль «Вераскавы мёд» у Тымтэатры, які стварылі нашыя Андрэй і Алеся. Фота з сацыяльных сетак

«У нас трое дзяцей. Малодшага мы забралі з сабой. Яму 12 гадоў было. А старэйшая дачка Насця засталася. Яна жыла ў Менску. І сярэдні сын Саша. Ён застаўся ў Гомлі. На дзень нараджэння… Пасля я даведалася, што ў нас выламалі дзверы і яго арыштавалі…»

Бацька збіраўся ехаць у Беларусь «здавацца» замест сына, каб памяняцца.

«Напэўна, быў спадзеў, што мяне забяруць – яго адпусцяць. Ну, такія дурныя думкі. Але ж… Нічога ў галаве іншага не было», – успамінае Андрэй.

У бацькоў было толькі адно жаданне – каб дзеці вярнуліся да іх здаровыя. І каб ім усім было дзе жыць у бяспецы.

Алеся і Андрэй у вобразах.
Фота: vk\Театр «Инклюзион»

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, нязломных артыстаў і іхных дзяцей, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.