«Злачынствам было б гэтага не рабіць!» Не зважаючы на пераслед, «Белсат» пачынае новы сезон


У ліпені ўлады Беларусі прызналі прадукцыю і сацыяльныя сеткі «Белсату» экстрэмісцкімі, тым самым прыраўняўшы нас да злачынцаў. Нягледзячы на гэта, мы працягваем працаваць і пачынаем новы сезон, бо ўпэўненыя: журналістыка – гэта не злачынства.

Калаж belsat.eu

«Смешна чуць ад злачынцаў – экстрэмістаў у пагонах, што экстрэміст – гэта ты, твае калегі і праўда, якую вы паказваеце. У Беларусі пануе дыктатура: на вялікі жаль, гэта факт. Усе дыктатуры свету аднолькавыя ў справе сродкаў масавай інфармацыі: толькі поўны кантроль і татальная прапаганда.

У гэтых умовах «Белсат» застаўся адзіным беларускім тэлеканалам, на якім можна пачуць праўду, незалежна ад таго, прыемная яна ці не.

Гэта галоўная вартасць і прынцып, якім мы кіруемся ў нашай працы».

З панядзелка да пятніцы а 16:00, 17:00 і 18:00 пяціхвілінныя падсумаванні актуальных навінаў знойдзеце на YouTube-канале «Белсат Now».

А 20:00 у будні ў «Студыі «Белсат» вы пабачыце абмеркаванне галоўных падзеяў дня. У нядзелі а 21:00 на праграму «Тыдзень» запрашаюць Ігар Кулей і Сяргей Падсасонны. Аналіз галоўных падзеяў тыдня, эксклюзіўныя размовы і аналітыка – у эфіры ды на YouTube-канале «Белсат News». Не прапусціце!

Калаж belsat.eu

«Казаць праўду не злачынства. Наша адзіная зброя – слова.

Журналіст не можа маўчаць: гэта наш вялікі прывілей і самая вялікая віна.

Мы павінны гаварыць – і гаварыць неадкладна. Журналістыка – гэта тое, што падтрымлівае дэмакратыю. Гэта сіла прагрэсіўных сацыяльных зменаў. Веру, што добрая журналістыка можа зрабіць свет лепшым».

А 21:00 у наўпроставым эфіры, а таксама на YouTube-канале «Белсат News» глядзіце галоўнае выданне навінаў «Аб’ектыў».

Пасля «Аб’ектыву» запрашаем далучыцца да прагляду публіцыстычнай праграмы «Размова».

Каментары, аналітыка і дыскусіі з удзелам выбітных журналістаў, публіцыстаў ды блогераў пабачыце ў праграме «Без акрэдытацыі». Штопятніцу а 21:30.

«Мы не злачынцы!

Злачынствам было б не паказваць праўды пра палітыку Пуціна ў дачыненні Беларусі, Украіны ды іншых краінаў Усходняй Еўропы.

Злачынствам было б не паказваць гледачам тое, што хаваюць постсавецкія дыктатары ад сваіх грамадзянаў».

Глядзіце самыя важныя навіны з постсавецкай прасторы з панядзелка да пятніцы а 19:30 у інфармацыйным выданні «Вот так».

Штопятніцу а 21:20 нашая вядоўца Ганна Галёта раскрые фэйкі і патлумачыць, дзе нам зноў схлусіла дзяржаўная прапаганда. Праграму «Лукавыя навіны» знойдзеце ў эфіры ды на YouTube-канале «Вот так».

Калаж belsat.eu

«Злачынствам было б замаўчаць. Злачынцы прымушаюць людзей хлусіць, а мы даём ім магчымасць казаць шчыра».

Госці праграмы «Шчыра кажучы» распавядуць невядомыя факты аб працы дзяржаўных і недзяржаўных структураў, жыцці важных чыноўнікаў і бізнесоўцаў. Прызнанні знутры сістэмы – штотыдзень у сераду а 19:10 у эфіры і на YouTube-канале «Белсат News».

Калаж belsat.eu

«Злачынцы пры ўладзе не дбаюць пра дабрабыт беларусаў. Яны карыстаюцца карупцыйнымі схемамі, каб вывесці грошы з беларускага бюджэту ва ўласныя кішэні.

Журналісты з «Давайце разбірацца» выкрываюць злачынствы карумпаваных чыноўнікаў ды прыкарытных бізнесоўцаў і перашкаджаюць зарабляць на звычайных беларусах».

Глядзіце «Давайце разбірацца» ў аўторкі а 19:10 раз на два тыдні ў эфіры «Белсату» і на YouTube-канале «Белсат News».

У гэты ж час штотыдзень у чацвяргі Сяргей Чалы і Стас Івашкевіч дапамогуць разабрацца ў актуальнай эканамічнай сітуацыі ў праграме «Эканоміка з Чалым».

Калаж belsat.eu

«Сёння, 30 гадоў пасля падзення Савецкага Саюзу, зноў расце жалезная заслона.

Было б злачынствам не патлумачыць, як і чаму Еўразвяз адгароджваецца ад Лукашэнкі, але адкрываецца для беларусаў.

Мы пакажам, як падзеі ў нашых суседзяў уплываюць на жыццё беларусаў».

Кожны чацвер а 20:35 у вечаровым эфіры глядзіце праграму «ПраСвет».

Калаж belsat.eu

«Беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Ствараючы маленькія цуды адно для аднаго, мы здзяйсняем вялікі супольны цуд для нашай краіны.

Мы ажыццяўляем жаданні тых, хто пацярпеў за Свабоду. Нашыя гледачы, неабыякавыя грамадзяне, дапамагаюць нашым героям і сем’ям палітвязняў увасобіць у жыццё іхныя мары.

Праз нас адбываецца кругазварот дабрыні і салідарнасці сярод беларусаў, дзе б яны ні былі. Было б злачынствам не рабіць гэтага».

Праграму «Беларус беларусу» гладзіце кожную пятніцу а 18:55 на YouTube-канале «Белсат Life» і ў вечаровым эфіры «Белсату».

Пра беларусаў за мяжою вам распавядзе праграма «Беларускі свет». Глядзіце ў аўторкі а 18:50.

Калаж belsat.eu

«Злачынствам было б адмовіцца ад беларускай мовы, бо гэта азначала б адмову ад сябе, ад сваёй тоеснасці, ад повязі з продкамі.

Вывучаючы родную мову, мы спазнаем сябе, адкрываем месца нашага народу ў сусветнай людской сям’і.

Пасля сотняў гадоў моўнай дыскрымінацыі мы мусім прыкласці ўсе намаганні, каб нарэшце справядлівасць і законнасць запанавалі таксама і ў моўнай сферы, каб родная мова не выклікала здзіўлення на вуліцах беларускіх гарадоў, каб пашырыла сферы свайго бытавання, была не толькі дэкарацыяй на псеўдафальклорных фэстах, а каб заняла пачэснае і ганаровае месца ў нашым грамадстве».

Моўная праграма «Мова нанова» ў новым сезоне з новым вядоўцам – у нядзелі а 20:20.

Таксама працягваем раскрываць патаемныя старонкі нашай гісторыі ў праграме «Загадкі беларускай гісторыі», распавядаем пра пакручастыя лёсы нашых суайчыннікаў у рэпартажах з цыклу «Без рэтушы». Вядома, не забываемся, што ў цяжкі час трэба і ўсміхнуцца: абавязкова глядзіце нашыя гумарыстычныя праграмы «Хай так», «Вечаровы шпіль» і «Жэстачайшы мульт».

«Белсат» працуе для вас далей! Дзякуем, што застаяцеся з намі!

Стужка навінаў