ЕЗ заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне


Еўрапейскі Звяз чакае, што Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыю на смяротнае пакаранне. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў Маі Кацыянчыч, інфармуе belapan.by.

Заява паўстала ў звязку з выкананнем у Беларусі смяротнага прысуду ў дачыненні Сяргея Іванова (ён здзейсніў жорсткае забойства), а таксама пастановаю Вярхоўнага суда пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму (ён забіў 3 чалавек).

«Нягледзячы на шматлікія заклікі, зробленыя Еўрапейскім Звязам, у Беларусі быў выкананы новы смяротны прысуд. Выпадак Сяргея Іванова, якога прыгаварылі да смерці ў Вярхоўным судзе Беларусі ў сакавіку 2015 года, выклікае асаблівую занепакоенасць у святле таго факту, што ягоная скарга была на разглядзе ў Камітэце правоў чалавека пры ААН», – адзначаецца ў заяве.

Чытайце таксама >>> Брэйвік выйграў працэс супраць Нарвегіі

Падкрэсліваецца, што ЕЗ выступае супраць смяротнага пакарання, якое не ў стане стрымліваць злачыннасці ды ёсць «непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці і недатыкальнасці».

З падобнаю да гэтай заяваю выступіў таксама генеральны сакратар Рады Еўропы Турбʼёрн Яглян. Як вядома, Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінаю, дзе да гэтага часу існуе смяротнае пакаранне.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў