БелАЭС зняпраўджвае інфармацыю пра абрынанне стоек будучага будынку ядравага абслугоўвання


Як стала вядома belsat.eu ад аднаго з рабочых, што працуе на будаўніцтве Астравецкай АЭС, на пляцоўцы паміж двума рэактарамі, дзе мае паўстаць будынак ядравага абслугоўвання, залілі зашмат бетону, таму канструкцыя не вытрымала і абрынуліся стойкі.

Інфармацыю зняпраўдзіў начальнік аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд, паводле якога ніякіх здарэнняў на абʼекце не было.

«Лухта поўная, абсалютная! Я не ведаю, што там за фатаграфіі і адкуль яны, па іх нічога не відаць. Паміж двума энергаблокамі, як там напісана, няма ніякага будынку ядравага абслугоўвання. Ёсць комплекс будынкаў, які адносіцца да энергаблока № 1, ёсць комплекс будынкаў, які адносіцца да энергаблока № 2. Гаворыцца, што ў сярэдзіне красавіка нешта абрынулася, але мы там былі разам з 19 красавіка журналістамі, Юкія Амано сустракалі (гендырэктар МАГАТЭ). Нічога не абрынулася», – распавёў Эдуард Свірыд tut.by.

Ён адзначыў, што за будаўніцтвам БелАЭС «сочаць дзясяткі інспекцыяў».

«Я вам скажу, што працую тут з 2009 года і ўвесь час узнікаюць нейкія чуткі. Тут ужо ў нас і падмурак энергаблока трашчаў, калі яго яшчэ ніхто і не заліваў. Пішуць ужо, што ў нас і рэактар ​​кудысьці не ўлазіць, і што дзевяць загінулых на будаўніцтве. Гэта таксама поўная лухта. Проста камусьці выгадна ствараць менавіта такую ​​атмасферу вакол нашага абʼекту».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў