Алесь Пашкевіч: Чырвона-зялёны сцяг застанецца ў гісторыі як сцяг рэжыму, бел-чырвона-белы – стане нацыянальным


Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

У КДБ Беларусі паступіў на ўзгадненне праект МУС «Аб устанаўленні пералікаў арганізацыяў і іншых структураў, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». Сілавікі ў дакументах пазначаюць, што да нацысцкай (калабарацыянісцкай) сімволікі і атрыбутыкі належыць вокліч «Жыве Беларусь» і «бел-чырвона-белы сцяг («БЧБ»), паколькі яны выкарыстоўваліся карнікамі і паліцаямі». У сваю чаргу гісторыкі ў размове з «Белсатам» кажуць, што спробы давесці злачыннасць бел-чырвона-белага сцяга непераканаўчыя.

Праўладны Беларускі саюз журналістаў паведаміў пра тое, што МУС накіраваў у КДБ Беларусі праект дакументу «Аб устанаўленні пералікаў арганізацыяў і іншых структураў, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». У дакуменце ўказваецца, што БЧБ-сцяг і вокліч «Жыве Беларусь» выкарыстоўвалі нацысты.

Артыкулы
ГУБАЗіК прапануе прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг да нацысцкай сімволікі
2021.05.21 12:05

«Насамрэч доказы карных структураў пра тое, што чыніліся злачынствы пад бел-чырвона-белым сцягам падчас Другой сусветнай вайны – гэта поўныя выдумкі. Бо гэта не калабаранцкі, не фашысцкі сцяг, а нацыянальны, які быў створаны ў 1918 годзе, і ягоны эскіз шырока выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам падчас польска-савецкай вайны, пасля ў Заходняй Беларусі. Усе нацыянальныя дзеячы першай паловы ХХ стагоддзя шанавалі гэты сцяг», – кажа гісторык Алесь Пашкевіч.

Гісторык звяртае ўвагу, што падчас Другой сусветнай, сапраўды, гэты сцяг выкарыстоўвалі беларускія нацыянальныя арганізацыі. Але ніякіх злачынстваў пад ім не здзяйснялі. Сцягам карысталіся культурніцка-асветніцкія арганізацыі, моладзевыя структуры.

Можна знайсці фотаздымкі бел-чырвона-белага сцяга ў нейкіх асобных эшалонах вайскоўцаў, але гэтага абсалютна недастаткова, каб лічыць гэты сімвал злачынным, кажа гісторык.

Hавiны
Дзяржархіў не знайшоў фота і відэа з акупантамі пад БЧБ-сцягам
2021.04.24 13:02

Да таго ж амаль усе іншыя сцягі краінаў Еўропы ў той час таксама выкарыстоўвалі нацыянальныя фармаванні, якія супрацоўнічалі з фашыстамі. Тут самы вядомы прыклад, што расейскі трыкалор выкарыстоўвала так званая армія Уласава. Але Расея нешта не спяшаецца забараняць гэты сцяг. Зрэшты, і ў Беларусі няма такой ініцыятывы грамадства. Гэта палітычна-ідэалагічнае змаганне, і ўсялякія спробы нешта давесці праз гісторыю – непераканаўчыя, кажа Алесь Пашкевіч.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Зрэшты, галоўная мэта ўладаў – праз забарону бел-чырвона-белага сцяга спыніць пратэставыя настроі. Бо тое, што адбылося летась пасля выбараў, іх моцна напалохала, і цяпер за любую праяву нязгоды, нейкага пасіўнага супраціву можа «прыляцець» адміністратыўная ці крымінальная адказнасць. Таму вядзецца запалохванне, а ўлады словам і справай дэманструюць, што ніякіх бяспечных формаў супраціву ў Беларусі няма.

Даведка

Гэта палітычна-ідэалагічнае змаганне, і ўсякія спробы нешта давесці праз гісторыю – непераканаўчыя.

Усё, што будзе трактавацца як нязгода, будзе жорстка пераследавацца. Натуральна, што з сімволікай, якая стала народнай, стала прызнаным выяўленнем, улады будуць змагацца ўсімі сіламі, лічыць Аляксандр Пашкевіч.

Hавiны
У Генпракуратуру адправілі заяву ад 887 гісторыкаў пра ідэю забараніць БЧБ-сцяг
2021.02.27 21:08

А тое, што бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным, – гэта факт. Паслявыбарчыя акцыі ў Беларусі былі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Людзі вывешвалі сцяг на вокнах сваіх кватэраў, дамах, упрыгожвалі двары. Гісторык Алесь Пашкевіч кажа, што з’яўленне такой сімволікі зʼяўляецца натуральным працэсам фармавання палітычнай нацыі.

«Людзі, якія ўсведамляюць сваё адзінства, пачынаюць мысліць агульнымі катэгорыямі, нейкім чынам вызначаюць сябе, у тым ліку і праз сімволіку. Гэта натуральны працэс. І тое, што менавіта бел-чырвона-белы сцяг стаў такім сімвалам, – гэта прагназавана. Бо іншых сімвалаў у Беларусі проста няма. Маецца на ўвазе гістарычнай сімволікі, якую выкарыстоўвалі здаўна тыя, хто нязгодны з тым, што робіцца ў краіне», – кажа Алесь Пашкевіч.

Калі сцяг пачалі прыносіць на вялікія маршы, ён стаў адметным у натоўпе, а з улікам эстэтычных якасцяў сцяг спадабаўся людзям, натхніў і стаў пашырацца. Гэта лагічны феномен. Але калі б былі нейкія альтэрнатывы для такой сімволікі, то, магчыма, мы б пабачылі нейкую канкурэнцыю. Пры гэтым не абавязкова, што бел-чырвона-белы сцяг перамог бы пры канкурэнцыі. Але цяпер гэта безальтэрнатыўная сімволіка, кажа эксперт.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Чырвона-зялёны сцяг у гісторыі застанецца сімвалам рэжыму

Спробы ўладаў зрабіць нацыянальнай сімволікай афіцыйны чырвона-зялёны сцяг цяпер не прынясуць плёну, лічыць гісторык. Афіцыйная сімволіка страціла шанец на тое, каб стаць сімвалам аб’яднання беларусаў. Да пачатку мінулагодняй выбарчай кампаніі такія шанцы ў сцяга былі. Бо большасць беларусаў да яго ставіліся калі і без вялікай пашаны, то без нянавісці і негатыву. Гэта дзяржаўны сцяг, пад якім 25 гадоў існавала незалежная Беларусь, многія пад гэтым сцягам выраслі і не мелі негатыўных пачуццяў.

Марш жанчын
Удзельніца Жаночага шэсця міру ў Менску паказвае міліцыянту плакат з фотаздымкам збітага ўдзельніка пратэстаў. 5 верасня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Калі б была больш мудрая палітыка ўладаў у гэтым плане, то можна было б разлічваць на тое, што гэты сімвал складзе канкурэнцыю ў галовах людзей. Памятаем жа, што лідары выбарчай кампаніі, як Віктар Бабарыка, спачатку выказваліся даволі абцякальна аб нацыянальнай сімволіцы. Але калі ўлады пачалі душыць вулічную актыўнасць, то кінулі на змаганне з недажаволенымі ўсё што можна, у тым ліку і сваю сімволіку.

«Чырвона-зялёны сцяг вывешвалі на аўтазакі, збівалі людзей, прымушалі на ягоным фоне збітых людзей даваць прызнальныя паказанні. Таму гэты сцяг атрымаў такое эмацыйнае напаўненне, якога раней проста не было, атрымаў энергетыку, якая мае негатыўныя асацыяцыі. Бо тое, што адчуваюць людзі да ўладаў, пераносіцца на гэты сцяг. Бо ўсё карныя захады ўладаў робяцца пад гэтым сцягам. Таму гэта ўжо немагчыма выправіць, такое не забываецца. І гэты імідж застанецца назаўсёды. Цяпер гэта сцяг рэжыму, але не сцяг народу», – звяртае ўвагу Алесь Пашкевіч.

Гісторыі
Клаўдзій Дуж-Душэўскі – чалавек, які ўмеў здзіўляць
2021.04.08 20:41

Бел-чырвона-белы сцяг будзе дзяржаўным

Захады ўладаў, скіраваныя на забарону бел-чырвона-белага сцяга, пакрысе прыносяць плён. Ужо цяпер людзі асцерагаюцца не толькі яго публічна дэманстраваць, але нават захоўваць, кажа Алесь Пашкевіч. Гэтую мэту ўлады дасягнуць. Але забаронены плод салодкі. Ды і забароны на перспектыву толькі ўмацоўваць сцяг як нацыянальны, народны сімвал. Брутальна яго вынішчаць з сэрцаў людзей немагчыма, таму як толькі настануць больш спрыяльныя часы, Беларусь зноў будзе ўся пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Нават тыя ж чырвона-зялёныя сцягі, якія паўсюль паразвешвалі ўлады, самыя людзі, не чакаючы ўказанняў, паздымаюць і заменяць. Памяць пра гэты сцяг, асабліва цяпер, вынішчыць ужо дакладна не атрымаецца. Улады ў гістарычным плане абралі пройгрышны шлях і тактыку.

Hавiны
Ціханоўская пра намер вызнаць БЧБ-сцяг экстрэмісцкім: «Рэжым толькі папулярызуе яго сярод народа»
2021.01.29 22:19

Нацыянальную сімволіку забаранялі дыктатары і акупанты

Дзяржаўныя ўлады ў Беларусі цяпер праводзяць антынацыянальную палітыку. Алесь Пашкевіч звяртае ўвагу, што існуе незалежная Беларусь, у якой жыве тытульная нацыя, але ўлады імкнуцца замяніць нацыянальную сімволіку на нейкую штучную.

Іншая справа – акупацыя краіны або таталітарныя рэжымы кшталту Савецкага Саюзу ці Лівіі падчас кіравання Кадафі. Апошні пасля рэвалюцыі ўвёў зялёны сцяг. Але калі ягоны рэжым абваліўся, улады вярнулі нацыянальны сцяг, які існаваў яшчэ ў час каралеўскай Лівіі. У СССР падобная практыка таксама распаўсюджвалася. Бел-чырвона-белы сцяг, украінскі жоўта-блакітны ці сцягі балтыйскіх краінаў былі забароненыя. Існавалі толькі савецкія сімвалы. Рабілася гэта з мэтай падпарадкаваць народы, знішчыць іх гістарычную памяць, кажа Алесь Пашкевіч.

ВІДЭА
Шоу на касцях беларусаў. Ці пераможа Лукашэнка бел-чырвона-белы сцяг?
2021.03.26 12:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў