Лукашэнка падтрымаў здушэнне Гон-Конгу камуністамі. Што ён чакае наўзамен?


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў падтрымаў палітыку камуністычнага кіраўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі, накіраваную на здушэнне пратэстаў у Гон-Конгу. Мы прапаноўваем аналіз статусу, якім валодае былая брытанская калонія на тэрыторыі камуністычнага Кітаю. Якую палітыку праводзіць там афіцыйны Пекін і супраць чаго пратэстуюць жыхары Гон-Конгу? І галоўнае – які інтарэс пераследуе кіраўніцтва Беларусі, падтрымліваючы палітыку КНР?

Справы Гон-Конгу – унутраныя справы Кітаю, умяшанне ж у іх супярэчыць нормам міжнародных стасункаў і Статуту ААН. З гэткаю заяваю 5 сакавіка 2021 г. ад імя 70 краінаў свету на сесіі ў справе правоў чалавека ў Жэневе выступіў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

Вадзім Пісарэвіч, намеснік сталага прадстаўніка Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе:

«Адмысловы адміністрацыйны раён Гон-Конг – неад’емная частка Кітаю. Справы Гон-Конгу – гэта ўнутраныя справы Кітаю, у якія нельга ўмешвацца ніякім вонкавым сілам. Мы настойліва заклікаем адпаведныя бакі паважаць суверэнітэт Кітаю і спыніць умяшанне ў справы Гон-Конгу».

Пры канцы 90-х былая брытанская калонія Гон-Конг вярнулася ў склад Кітайскае Народнае Рэспублікі. Пекін абяцаў прынамсі на 50 гадоў гарантаваць прынцып «адная краіна – дзве сістэмы», то бок Гон-Конг мусіў захаваць уласную заканадаўчую, выканаўчую і судовую сістэмы, самастойнае рэгуляванне бізнесу ў складзе КНР.

ВІДЭА
Ці магчымы ў Беларусі татальны лічбавы кантроль над грамадствам?
2021.03.19 17:05

Каментуе прафесар Аляксандр Маслоў, кіраўнік Інстытуту Далёкага Усходу, Расея:

«Да апошняга часу, да 2017–2018 гадоў, гэтак і было. Тое самае застаецца і для Макаў, былое партугальскае калоніі. Аднак, як вядома, распачаліся хваляванні ў Гон-Конгу, і гэтыя хваляванні падштурхнулі КНР да рашучых дзеянняў і перагляду шмат якіх кампанентаў гэтае сістэмы. У тым ліку – да сур’ёзнага ўмяшання ва ўрэгуляванне адміністрацыйнага жыцця».

У 2019-м хацелі ўвесці Закон аб экстрадыцыі на мацерыковы Кітай асобаў, падазраваных у парушэнні законаў КНР. У адказ разгарнуліся маштабныя пратэсты. У іх брала ўдзел чвэрць насельніцтва Гон-Конгу. Незадаволенасць душылі разгонамі дэманстрацыяў. Супрацьстаянне працягнулася больш за год. За гэты час арыштавалі больш за 10 тысяч асобаў. Вітальд Дабравольскі, які дакументаваў, сярод іншага, пратэсты ў Гон-Конгу, згадвае: на піку акцыяў было складана ўбачыць краму або рэстарацыю, якія б не падтрымлівалі дэмакратычнага руху, паўсюль былі чуваць пратэставыя песні на вуліцах.

Пратэсты ў Гон-Конгу.
Фота: Вітальд Дабравольскі. 1-е месца ў конурсе «Grand Press Photo» за рэпартаж у катэгорыі «Падзеі».

Вітальд Дабравольскі, польскі фотарэпарцёр, лаўрэат конкурсу «Grand Press Photo»:

«Да таго закону не дайшло, але з’явіліся новыя падставы – нечуваныя дагэтуль брутальныя дзеянні паліцыі і ўладаў – каб выходзіць зноў і зноў на вуліцы. Кагосьці моцна збілі, або здарыўся факт супрацы паліцыі з гансгтарамі. Гэта нагадвала замкнёнае кола. Ні паліцыя, ні ўлады не хацелі размаўляць з дэманстрантамі».

Прафесар Аляксандр Маслоў:

«КНР палічыла за найлепшае ўмяшацца не тым спосабам, якога чакалі ад КНР, не спробаю ўвесці войскі ў Гон-Конг (пра гэта казалі яшчэ летась і пазалетась), а шляхам паступовага размывання самастойнага прыняцця пастановаў Гон-Конгам».

Да таго ж спыніць пратэсты дапамог каронавірус. Каранцін не дазваляў свабодна выходзіць на вуліцы. Канчаткова ж утаймаваць дэмакратычны рух Пекін пастанавіў Законам аб нацыянальнай бяспецы Гон-Конгу. Гэтак, цяпер за ўдзел у пратэсце пагражае нават пажыццёвае зняволенне. Супраціў сышоў у падполле. Усё гэта вельмі нагадвае Беларусь, але есць і істотныя адрозненні.

Пратэсты ў Гон-Конгу.
Фота: Вітальд Дабравольскі. 1-е месца ў конурсе «Grand Press Photo» за рэпартаж у катэгорыі «Падзеі».

Вітальд Дабравольскі:

«Апазіцыі дэмакратычнай афіцыйнай ужо няма, усіх арыштавалі. Шмат якія палітыкі пачалі сыходзіць з пасадаў праз Пекін. Летась таксама не адбылося выбараў у парламент Гон-Конгу. Афіцыйна – нібыта праз каронавірус. І дасюль не вядома, калі яны адбудуцца і ці адбудуцца наагул. Да таго ж цяпер кожны з кандыдатаў на пасаду дэпутата меўся б прадэманстраваць лаяльнасць да камуністычнае партыі Кітаю».

Пратэсты ў Гон-Конгу.
Фота: Вітальд Дабравольскі. 1-е месца ў конурсе «Grand Press Photo» за рэпартаж у катэгорыі «Падзеі».

Адпаведна, Гон-Конгам кіраваць цяпер змогуць толькі гэтак званыя патрыёты. План зменаў у выбарчую сістэму абмяркоўваюць на штогадовай сесіі парламенту КНР. Дык чаму ж Беларусь на ўвесь свет гучна заявіла пра падтрыманне далёкай ад дэмакратычных стандартаў пастановы Кітаю?

Прафесар Аляксандр Маслоў:

«Для Беларусі Кітай – гэта партнёр, з якім даводзіцца лічыцца, што вымагае казаць некаторыя рэчы, прыемныя для Кітаю».

Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях:

«У першую чаргу, гэта жаданне нешта атрымаць у адказ. Маўляў, мы вам дапамагаем, звярніце на нас увагу і дапамажыце ў адказ. Што патрэбнае, якія бонусы? Падтрыманне на міжнароднай арэне пазіцыі рэжыму Беларусі і, вядома, фінансавае падтрыманне, інвестыцыі, пажадана такія, якія можна атрымаць, а пасля не адказваць, на што іх выдаткавалі».

У Пекін прадаём калійныя ўгнаенні, сельскагаспадарчую прадукцыю, узбраенне. Атрымліваем адтуль – крэдыты, інвестыцыі, тэхналогіі, як індустрыйны парк «Вялікі камень». Што праўда, вялікіх выгодаў ад яго пакуль не займелі. Затое за погляды рэжым Лукашэнкі гарантавана атрымліваў выгоды палітычныя. Пекін першым павіншаваў Лукашэнку з перамогаю на апошніх выбарах пасля інаўгурацыі, што прайшла патаемна і на фоне масавых пратэстаў беларускага народу.

Сюжэт Юліі Лабанавай для праграмы «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Калаж з фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum; CARLOS GARCIA RAWLINS / Reuters / Forum

Стужка навінаў