Парашэнка пацвердзіў, што Надзея Саўчанка можа вярнуцца ва Украіну праз некалькі тыдняў


Пра вяртанне Надзеі Саўчанкі на радзіму ўдалося дамовіцца падчас апошняй тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, адзначыў у інтэрвʼю ўкраінскім тэлеканалам прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Упершыню падчас гэтай размовы мы атрымалі святло ў канцы тунэлю. Мы абмеркавалі алгарытм і канкрэтныя тэрміны», – заявіў Парашэнка.

У Крамлі заявы Парашэнкі пакуль не каментавалі. Раней расейскія ўлады неаднаразова адмаўлялі наяўнасць якіх-небудзь дамоўленасцяў адносна абмену Саўчанкі.

20 красавіка расейскі Мінюст заявіў аб атрыманні ад Мінюсту Украіны запыту пра пералік дакументаў, неабходных для перадачы Саўчанкі на радзіму. У расейскім ведамстве тады адзначылі, што тэрміны разгляду падобных запытаў не рэгламентаваныя.

«Я маю цвёрдую надзею, што прэзідэнцкі самалёт цягам некалькіх тыдняў верне Надзею ва Украіну», – сказаў Парашэнка.

Украінскі лідар таксама заклікаў палітыкаў не ўмешвацца ў працэс вяртання Саўчанкі на радзіму і не каментаваць яго, бо, як ён сказаў, «некалькі разоў да гэтага неасцярожныя каментары палітыкаў шкодзілі справе і запавольвалі вырашэнне гэтага пытання».

Расейскі суд у сакавіку прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай у забойстве двух расейскіх журналістаў, замаху на забойства мірных жыхароў Данбасу і незаконным пераходзе расейскай мяжы. У выніку яна атрымала 22 гадоў калоніі. Сваю віну яна адмаўляе і лічыць працэс палітычным.

Раней Пётр Парашэнка не выключаў, што Саўчанку абмяняюць на расейцаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, якіх украінскія ўлады лічаць байцамі спецназу ГРУ. Крэмль таксама не выключыў магчымасці такога абмену, аднак канкрэтныя вынікі перамоваў не выдавалася.

Ерафеева і Аляксандрава затрымалі ў Данбасе ў мінулым годзе. 18 красавіка ўкраінскі суд прыгаварыў іх да 14 гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў тэрарыстычнай дзейнасці і вядзенні агрэсіўнай вайны.

Раней з неафіцыйных крыніц стала вядома, што Надзею Саўчанку маюць перадаць Кіеву да канца траўня.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў