Затрыманы добраахвотнік Аватараў распавядаў раней, што ўжо быў у «амерыканцы» КДБ


 Хто такія беларускія добраахвотнікі Станіслаў Ганчароў і Тарас Аватараў, якія ваявалі на Данбасе? Як іх затрымлівалі і што думаюць пра іх баявыя таварышы?

Нумар адзін у спісе на затрыманне. Гэтак акрэслілі 20-гадовага віцябляніна Станіслава Ганчарова ў беларускім Міністэрстве ўнутраных справаў. Добраахвотніка ўкраінскага палка «Азоў» затрымалі ў аўторак у Менску. На папярэднім допыце той зняпраўдзіў інфармацыю пра свой удзел у баявых дзеяннях, а настойваў, што займаўся валанцёрскай дзейнасцю.

Праўда баявыя таварышы беларуса таго ж дня распавялі пра ягоны ўдзел у баявых дзеяннях. Між іншага Ганчароў, які сам сабе надаў пазыўны «Тэрор-машына», нібыта самастойна прыкрываў адыход атраду пад Шырокіна. Ён сам хваліўся ўдзелам у вайне на сваёй старонцы ва «УКантакце», ды, не хаваў сваіх неанацысцкіх поглядаў. Беларускі баец батальёну «Азоў» «Літвін» тлумачыць, што погляды не ўплываюць на тое – бяруць асобу ў шэрагі палка, ці не.

«Ідэалогія, погляды – гэта, як з рэлігіяй – выбар кожнага і Азоў не кажа «гэтага браць, гэтага не браць». У нас усе нацыянальнасці – кожны, хто хоча прыязджае і дапамагае тым, чым хоча. Ён добраахвотнік, добры баец», – распавёў баец «Літвін».

Відавочна, што такая палітыка «Азова» не найлепшым чынам адбіваецца на іміджы гэтага фармавання і ўкраінскіх добраахвотніцкіх аддзелаў увогуле. Самога Ганчарова вінавацяць у хуліганстве – тры гады таму ў Беларусі ён з групай футбольных фанатаў напаў на дваіх падлеткаў і змусіў прадэманстраваць нацысцкае прывітанне.Чаму ж няма абвінавачання ў наёмніцтве, разуменне якога ў Крымінальным кодэксе яшчэ два гады таму пашырыла Палата прадстаўнікоў?

Праваабаронца, была следчы Алег Волчак заўважыў: «Тут узнікае вельмі шмат юрыдычных момантаў, з-за якіх не ўсе яны могуць трапіць пад гэты артыкул. Таму, хутчэй за ўсё іх будуць затрымліваць паводле іншых артыкулаў, напрыклад, за наркотыкі, падымаць старыя справы, як у віцябляніна і гэтак далей. Чаму? Таму, што тыя, хто ваюе на баку Кіева, – афіцыйна яны не могуць падпасці пад гэты артыкул».

Падобная сітуацыя і з іншым беларусам – з «Правага сектару» Тарасам Аватаравым – пазыўны «Дук», якога затрымалі летась у лістападзе на вакзале ў Менску. Той нібыта меў на сабе бронекамізэльку, а з сабою – сігнальны пісталет і гранату. Аватараў аказаўся таксама неадназначнаю постаццю – запатрабаваў прэс-канферэнцыі з кіраўніком КДБ, а расейскім журналістам загадаў выйсці з суда

Аватараў быў у аддзяленні кухарам і ў баявых дзеяннях ня ўдзельнічаў. Водгукі ад ягоных баявых таварышаў – надзвычай спрэчныя.

Камандзір тактычнай групы ДУК ПС імя Валавіка з пазыўным «Кулібін» адзначыў: «Чалавек, які прыязджае ў іншую краіну з перакананняў, добраахвотна, без якіх-небудзь грошай, падтрымання… ваяваць і бараніць гэтую краіну – ён ужо герой. Калі цябе да гэтага цягне, то ты ўжо вялікі чалавек. Таму, ну… чакаю і спадзяюся»!

Баец-беларус «Правага сектару» з пазыўным «Фенікс» распавёў пра Аватарава: «Нос сунуў туды, куды яму не трэба было, то бок вельмі цікаўны быў. Як затрымалі «Дука» на вакзале – пачаліся вобшукі, у маіх сваякоў, у мяне, у сястры. Канешне, нельга казаць на ўсе 100 %, але адсоткаў на 90 % – «Дук» быў засланцам КДБістаў».

Аватарава вінавацяць у кантрабандзе зброі. Працэс над ім і будучы суд над Ганчаровым варта лічыць своеасаблівым трэнаваннем беларускай Феміды, лічыць былы следчы Алег Волчак, бо судовай практыкі ў справах «за наёмніцтва» – няма.

Адкрыты нацыст з «Азову», удзел былога палітвязня Васіля Парфянкова ў разгроме расейскага банку ў Кіеве і падазрэнні што Аватараў супрацоўнічае са спецслужбамі – усё гэта наўпрост кампраметуе беларускіх добраахвотнікаў. У адным толькі «Азове» іх не менш за 15 асобаў. І цяпер улады ў Кіеве двойчы падумаюць ці надаваць ім украінскае грамадзянства.

Рэжысёр-дакументаліст Антось Цялежнікаў, які толькі што вярнуўся з Данбасу, у студыі праграмы «ПраСвет» адзначыў, што ведаў Тараса Аватарава асабіста.

«Давялося мне з ім пазнаёміцца падчас маіх здымкаў. У мяне склалася неадназначнае ўражанне пра яго, бо розным людзям ён казаў розныя рэчы. Як казаў ягоны адзін пабрацім, ён казаў шмат што, але ні пра што, то бок гэта быў чалавек досыць неадназначны і незразумелы. У некаторых склалася ўражанне, што ён не зусім адэкватны. У мяне склалася ўражанне, што гэта не такі просты чалавек, як магло б падавацца», – заўважыў дакументаліст.

На ягоную думку, самае дзіўнае і незразумелае – гэта тое, што Аватарава арыштавалі ў разгар палявання на добраахвотнікаў, калі ў Беларусі фактычна абвесцілі, што іх будуць пераследаваць. «Чаму ён акурат тады паехаў – застаецца загадкай», – звярнуў увагу спадар Цялежнікаў.

На падставе выказванняў Аватарава яго можна было западозрыць у сувязях з КДБ. «Мяне надзвычай здзівіла, як ён расказваў, што ён свабодна ездзіць у Беларусь і пра яго ведаюць спецслужбы, і што ён нават калісьці быў арыштаваны і сядзеў у ізалятары КДБ, у »амерыканцы« за выбух у 2008 годзе ў Дзень незалежнасці Беларусі. У мяне стала яшчэ больш пытанняў адносна яго. І я падумаў, што, можа, ён дзіўны чалавек, нешта выдумляе. Але каб не ягоны арышт, то, можа, гэта б і засталося ў ва мне недзе глыбока…», – заўважыў дакументаліст.

Цалкам інтэрвʼю з Антосем Цялежнікавым у поўным выданні «ПраСвету». Іншыя тэмы апошняга выдання: чаму Пуцін збіраецца ў Парыж; якую зброю купляе і прадае Беларусь; вер у Бога, але рыхтуйся да вайны – наш эксклюзіўны рэпартаж з канвенту прэпераў; ці будзе імпічмент прэзідэнта Бразіліі перад Алімпіядай ды інш.

Праграма «ПраСвет» выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў