Міністэрства аховы здароўя не выключае, што ў прыватных медычных цэнтрах могуць пачацца правяранні.
У «Экамедсэрвіс» пацвярджаюць, што такія чуткі сапраўды ёсць, але ніякіх афіцыйных дакументаў пакуль ніхто не атрымаў, паведамляе sputnik.by.
Раніцаю 22 красавіка ў холе медычнага цэнтру памёр 64-гадовы мужчына, які суправаджаў сваю жонку (паводле sputnik.by, сужыцельку). Імаверна, што ў мужчыны спынілася сэрца. Рэанімацыйныя захады выніку не далі.
«Да нас у цэнтр прыехала ягоная жонка. Мужчына суправаджаў яе. Яму на вуліцы стала кепска. Ён толькі зайшоў і потым згубіў прытомнасць у нас у холе цэнтру. А не падчас чакання сваёй чаргі, як пішуць на tut.by», – распавёў euroradio.fm галоўны доктар «Экамедсэрвісу» Іван Рыжко.
У 2013-м у «Экамедсэрвісе» пасля пластычнай аперацыі памерла 23-гадовая пацыентка. Вінаватымі ў ейнай смерці прызналі лекара-анестэзіёлага, якога асудзілі на чатыры гады калоніі. Галоўны інжынер цэнтру быў асуджаны на тры гады, а генеральная дырэктарка прыватнай медычнай установы атрымала два гады ўмоўна.
ЮВ, belsat.eu, паводле sputnik.by, euroradio.fm