Як масоны за Беларусь змагаліся


Гісторыя тайных таварыстваў і сакрэтных арганізацыяў налічвае шмат стагоддзяў. Адным з найбольш знаных падобных рухаў былі і застаюцца масоны. У праграме «Intemarium» высвятляем, ці спрычынілася сакрэтнае таварыства да беларускай дзяржаўнасці.

На землі Беларусі масонства прыходзіць ужо ў 1730-я гады. А ўзнікла таварыства вольных муляроў у канцы XVII – пачатку XVIII ст. у Брытаніі ды хутка стала досыць модным трэндам, які распаўсюджваецца па ўсёй Еўропе. Сярод знакамітых асобаў, якія ў розны час належалі да вольнамулярскіх ложаў, можна згадаць Моцарта, Джорджа Вашынгтона, Вальтэра, Гарыбальдзі.

У Расейскай імперыі масонства легальна існавала да 1822 года, калі найвышэйшым рэскрыптам Аляксандра І усе таемныя таварыствы, у тым ліку і масонскія ложы, былі афіцыйна закрытыя і забароненыя.

Цікавасць да вольных муляроў у імперыі адрадзілася ў другой палове ХІХ ст. А на пачатку ХХ ст. да масонства далучаюцца некаторыя вядомыя беларускія адраджэнцы, якія адыгралі важную ролю ў беларускім нацыянальным руху.

«Кур’ер Краёвы» – газета на польскай мове, рэдактарамі якой былі браты Іван і Антон Луцкевіч, «Вечерняя газета» – газета на расейскай мове, «Наша Ніва», у пэўны момант проста краёўцы і масоны пачалі рыхтаваць супольны выдавецкі праект, дзе на розных мовах прапагандавалася краёвая ідэя, але ў выразным братэрскім варыянце, заклікаючы да міжнацыянальнага паразумення», – апавядае гісторык Алесь Смалянчук.

Масоны надавалі асаблівую ўвагу пытанням маралі і павінны былі імкнуцца да ўнутранага самаўдасканалення, па цаглінцы ўзводзячы ўласны духоўны храм.

«Роля масонаў становіцца прыкметнай у такіх дзяржавах і рэжымах, дзе адбываецца палітычная, культурная стагнацыя. У гэтых умовах, дзе няма вольнай прэсы, паўнавартаснага палітычнага адкрытага жыцця, узнікае спроба ўдасканаліць гэты недасканалы свет праз нейкія прыватныя кантакты. Пасля гэтак званай першай расейскай рэвалюцыі – гэта было таксама спробай паўплываць на мадэрнізацыю Расейскай імперыі праз этыку. І шмат чаго ўдалося дасягнуць. Ну, а творчым асобам, багеме заўсёды імпанавала гэтая атмасфера таямнічасці. (…) З уваскрашэннем з небыцця масонства многія творчыя людзі, вядомыя інтэлігенты, верылі ў тое, што можна шмат чаго змяніць. Як і той жа і Шагал, і многія іншыя мастакі», – дадае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі.

Першая масонская ложа на беларускіх землях была заснаваная ў Магілёве. Надалей пашырэнне падобных структурных адгалінаванняў адбывалася пад уплывам дзейнасці як заходніх (пераважна Варшава), так і ўсходніх (пераважна Санкт-Пецярбург і Масква) цэнтраў.

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук, Горадня
  • Гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі, Менск
  • Доктар гістарычных навук, прафесар Рымантас Мікныс, Вільня

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

Праграма «INTERMARIUM» таксама даступная на YouTube-канале «Белсат Гісторыя».

Belsat.eu