Хто спыніць тэрарызм Лукашэнкі? Аналіз міжнародных наступстваў


У Кіеве ўжо вядуць экспертызу запісаў у справе журналіста Паўла Шарамета, абнародаваных 4 снежня ў выданні «EUobserver» і на канале «Беларускі народны трыбунал». На аўдыязапісе – нарада тагачаснага кіраўніка КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава, які абмяркоўвае з супрацоўнікамі, як трэба забіць за мяжою шэраг «замоўленых» Лукашэнкам асобаў. Ці возьмуцца за расследаванне краіны, у якіх планавалася ці адбылося забойства, і як новыя факты паўплываюць на стаўленне да Лукашэнкі з боку Еўропы і Расеі? Каментуюць Ігар Макар, Алег Алкаеў, Андрэй Суздальцаў, Алег Волчак, Павел Латушка, Дмытро Гнап і Андрэй Астаповіч.

Дмытро Гнап – журналіст з Кіева, які займаўся расследаваннем забойства Паўла Шарамета ў 2016 г. Відавочнага беларускага следу ў справе не знайшоў, за адным выключэннем: на камерах назірання на месцы выбуху днём раней быў заўважаны вядомы ў Беларусі сваёй радыкальнасцю камандзір украінскага палка «Азоў» Сяргей Кароткіх, вядомы паводле мянушкі «Малюта».

Журналіст Дмытро Гнап кажа:

«У прыватнасці, ягоны сябар Інатовіч быў датычны і асуджаны за выкраданне і забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага – калегі і сябра Паўла Шарамета».

Азовавец сустрэўся і з Шараметам за дзень да ягонай смерці, але быццам бы не меў матыву і меў алібі, таму Кароткіх выключылі з ліку падазраваных у выкананні забойства Паўла. Пасля з’яўлення аўдыязапісу з планаваннем палітычных забойстваў беларускімі спецслужбамі, Сяргея Кароткіх варта было б дапытаць адным з першых. Міністэрства ўнутраных справаў і Нацыянальная паліцыя адразу ж далучылі новую інфармацыю да справы. Што да выканаўцаў – пакінулі абвінавачанне без зменаў.

«Я сумняюся, што гэта будзе якасным міжнародным расследаваннем, – працягвае Дмытро Гнап. – У прынцыпе ва Украіне магчымыя выяўленне праўды ў гэтай справе і выхад не толькі на выканаўцаў, але і на замоўнікаў забойства Паўла Шарамета, калі імі ёсць беларускія спецслужбы і асабіста прэзідэнт Лукашэнка. Але пры міністры Авакаве гэта наўрад ці магчыма».

Аб’ектыў
Сябра Шарамета: следства будзе падганяць аўдыёзапіс КДБ пад абвінавачанне
2021.01.05 22:15

Абаронцы абвінавачаных у межах справы Шарамета патрабуюць падрабязнага вывучэння новых матэрыялаў кампетэнтнымі органамі еўрапейскіх краінаў. Паказанні ў Кіеве плануе даць былы намеснік камандзіра баявой групы спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар. Ён рэпрэзентуе праект «Беларускі народны трыбунал» і пасля ўсіх экспертызаў апублікаваў скандальны запіс нарады колішняга старшыні КДБ Вадзіма Зайцава.

«Вельмі б хацелася, каб на фоне гэтых публікацыяў вельмі моцна адрэагавала Расейская Федэрацыя, каб спынілася любая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі і гэтага дыктатарскага рэжыму і, натуральна, хацелася б, каб адкрыліся вочы на тое злачынства, якое адбылося з Паўлам Шараметам», – сказаў ён «Прасвету».

Ці будзе Уладзімір Пуцін пасля гэтага скандалу надалей падтрымліваць беларускі рэжым? Палітолаг Андрэй Суздальцаў (красамоўны крытык Лукашэнкі) сумняецца. Паводле Ігара Макара, Суздальцаў таксама быў у спісе мішэняў беларускіх спецслужбаў.

«Мы, расейцы, якія займаюцца беларускаю тэмаю і палажылі на гэта сваё жыццё, – мы, вядома, значна большая пагроза, чымся беларусы. Мы ж б’ем па камунікацыі Менск – Масква, а гэта пупавіна», – тлумачыць спадар Андрэй.

Аднак мала надзеі, што Расея завядзе крымінальную справу ў адказ на планаванне забойства на яе тэрыторыі. Як гэта зробіць Нямеччына, згодна з універсальнаю юрысдыкцыяй. Там беларускі бок хацеў расправіцца з траімі: былым камандзірам брыгады спецназу палкоўнікам Уладзімірам Барадачом, з Вячаславам Дудкіным з аддзелу барацьбы з карупцыяй і былым начальнікам СІЗА № 1 палкоўнікам Алегам Алкаевым.

Hавiны
У 2012 годзе КДБ планаваў ліквідацыю апанентаў Лукашэнкі за мяжой?
2021.01.04 12:26

Алег Алкаеў мяркуе: «У гэтым канкрэтным выпадку, паколькі злачынства замышлялася на тэрыторыі Нямеччыны і яно ніяк інакш не можа называцца, як акт тэрарызму, то Нямеччына ў праве завесці крымінальную справу па гэтым факце».

У верасні 2019 г. мы мелі першыя сур’ёзныя сведчанні злачыннасці нязменнай беларускай улады. У інтэрв’ю «Deutsche Welle» баец СОБР Юрый Гараўскі прызнаўся, што на мяжы стагоддзяў удзельнічаў у забойствах палітычных апанентаў улады: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Чаму не было расследавання – тлумачыць былы следчы пракуратуры Алег Волчак:

«Палітычная сістэма не змянілася. Уладзе не выгаднае расследаванне, бо паводле спісу трэба прыцягваць ледзь не 20 асобаў, пра якіх казаў Гараўскі, якія бралі ўдзел у забойствах. Іх трэба дапытаць, прыняць захады рэагавання».

Фільмы
Банда
2019.02.14 17:01

З іншай краіны такой працы не правядзеш. Але можна рэагаваць пры дапамозе палітычных інструментаў. Напрыклад, запіс перамоваў у КДБ у 2012-м…

«…Не так імгненна, каб паўплываць на чацвёрты пакет санкцыяў, але гэта будзе мець уплыў, калі будуць прымацца рэзалюцыі ў справе Беларусі», – мяркуе Пятрас Аўштравічус, адмысловы спавяшчальнік Еўрапарламенту ў пытанні Беларусі.

Вялікую ўвагу свет надае і цяперашнім злачынствам. Факты забойстваў, гвалту, звальненняў і палітычных судоў трапляюць на шматлікія тэматычныя каналы, сярод якіх і «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў». Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і сузаснавальнік платформы Павел Латушка тлумачыць:

«Кніга важная для нас усіх з пункту гледжання прыцягнення да адказнасці гэтых людзей сёння, выкарыстоўваючы ўніверсальную крымінальную адказнасць у розных краінах свету».

Паводле інфармацыі ініцыятывы «ByPol», расце спіс краінаў, у якіх будуць разглядаць асобныя крымінальныя справы з Беларусі.

«Але менавіта міжнародная следчая група па Беларусі на гэты момант яшчэ не склалася і расследаванне як такое на гэты момант не праводзіцца. Нават калі яно будзе праводзіцца – зойме гады», – канстатуе Андрэй Астаповіч, былы следчы, а цяпер сябра «ByPol».

Таму арганізацыі і фонды, якія займаюцца абаронаю рэпрэсаваных беларусаў і выкрываннем імёнаў злачынцаў, настойваюць, што найлепшы шлях – гэта змена ўлады ў Беларусі і ўжо пасля – суды на радзіме. Але пакуль універсальная юрысдыкцыя дае прэцэдэнт і паказвае, што за парушэнне законаў будуць судзіць і будуць караць.

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum; Pyotr Sivkov / TASS / Forum

 

 

Стужка навінаў