Як Захад зноў стаў ворагам Лукашэнкі


Прэзідэнцкія выбары спрычыніліся да чарговага разладу паміж афіцыйным Менскам і Захадам. За апошнія гады Беларусь павялічыла прыток інвестыцыяў і тэхналогіяў з Еўропы. Чаго ж каштавала Лукашэнку страта еўрапейскай адлігі ды як Еўразвяз і ЗША спрыяюць пераадоленню беларускага палітычнага крызісу?

На пачатку года наладжваў стасункі з Захадам, бо з Расеяй – вёў вайну за кошты на нафту. Гэтак, яшчэ ў лютым Лукашэнка прымаў у Менску дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэа ды заяўляў:

«У нас дыктатура адрозніваецца тым, што ўсе адпачываюць у суботу і нядзелю, а прэзідэнт працуе».

Майкл Пампэа казаў пра падтрымку беларускага суверэнітэту, анансаваў вяртанне амбасадара, аднак перадусім абмяркоўвалася магчымасць экспартаваць у Беларусь амерыканскую нафту ды нават вылучыць крэдыт на будаўніцтва нафтаправоду. Забяспечыць сыравінай айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы былі гатовыя і ў Еўропе. Аднак планы памяняліся пасля выбараў.

Гаворыць палітычны каментатар Валер Карбалевіч:

«Здарыўся народны выбух, і ў пэўным сэнсе рэжым захістаўся. Лукашэнку трэба было адразу шукаць падтрымку Расеі. Ну, а як можна было атрымаць падтрымку Расеі? Трэба было пераабуцца ў паветры і тут жа памяняць рыторыку, памяняць ворага. Цяпер галоўным ворагам стаў Захад».

Лукашэнка зменшыць транзіт праз дзяржавы Балтыі. Яны першымі ў Еўропе адрэагавалі на гвалт у дачыненні мірнага насельніцтва. Не чакаючы супольнай пазіцыі Аб’яднанай Еўропы, балтыйскія краіны ўвялі нацыянальныя санкцыі. Ажно тройчы санкцыйныя пакеты сёлета прымаў і Еўразвяз. Спачатку – персанальныя абмежаванні для датычных да злачынстваў, затым, пад канец года – супраць тых, хто фінансуе рэжым.

Каментуе Віціс Юрконіс, старшыня літоўскага офісу «Freedom House»:

«Трэба прызнаць, што трэці раўнд мусіў быць накіраваны на прэсінг, на ціск на беларускі рэжым, і толькі часткова можна сказаць, што гэта адбылося. Ёсць некалькі кампаніяў. Але важна сказаць іншае: не хапае толькі ініцыяваць санкцыі, трэба іх і выконваць. Мы ведаем гэта па санкцыях у Крыме».

Стрымана трэці санкцыйны пакет ацаніла і дэмакратычная супольнасць Беларусі. На этапе абмеркавання вялося пра значна шырэйшы спіс «гаманцоў» Лукашэнкі. Да прыкладу, пад абмежаванні падпаў бізнесовец Мікалай Верабей, але ж не трапілі Аляксандр Зайцаў і Аляксей Алексін, хаця інтарэсы траіх яднае адна кампанія. Аднак эксперты ў недастаткова моцных кроках Еўропы бачаць віну і альтэрнатыўных Лукашэнку сілаў.

Эдўард Лукас, экс-рэдактар «The Economist», аналітык амерыканскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі:

«Еўрапейскі Звяз зазнаў стратэгічную няўдачу. Гэта таксама стала стратэгічнай памылкай кіраўніцтва апазіцыі. Яны ўзмацняюць адзін аднаго, таму што ў апазіцыі няма плану, і Еўрапейскі Звяз не ведае, што рабіць. У выніку Крэмль атрымаў больш свабоды для манеўру».

Hавiны
Кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу: «Мы цалкам спынім супрацу з рэжымам»
2020.12.28 12:36

Трэці раўнд, аднак, не азначае апошні. Еўразвяз падрыхтуе наступны, чацвёрты санкцыйны пакет, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца. Да таго ж варта чакаць і ціску з боку Злучаных Штатаў. Днямі Сенат ЗША ўхваліў абноўлены Акт аб дэмакратыі для Беларусі. Дакумент прызнае Каардынацыйную раду легітымнаю ўладаю і дасць магчымасці амерыканскім уладам увесці новыя санкцыі супраць Менску і Масквы. Персанальныя ж візавыя абмежаванні Злучаных Штатаў для беларускіх чыноўнікаў ужо дзеяць. Доналд Трамп не ўхваліў перамогі Лукашэнкі пасля выбараў 9 жніўня. На адміністрацыю ж Джо Байдэна – яшчэ большыя спадзевы ў пераадоленні беларускага палітычнага крызісу.

Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах:

«Варта чакаць, што Джо Байдэн будзе займаць больш актыўную пазіцыю па Беларусі, што такія эканамічныя санкцыі будуць разглядацца і праводзіцца ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі: ці гвалт, які мы назіраем, беззаконне спыніцца, ці не? І таксама мы чакаем, што Злучаныя Штаты будуць максімальна сінхранізаваць сваю пазіцыю з Еўрапейскім Звязам».

Перазагрузкі, аднак, чакаюць і дачыненні Вашынгтону ды Масквы. Ці ёсць рызыка, што Амерыку пры новым прэзідэнту задаволіць Беларусь як васал Расеі? У гэтым выпадку нашую дзяржаву б узначаліла карысная для Расеі фігура. Эксперты падкрэсліваюць, што на новых празрыстых выбарах беларусы будуць абіраць таго кандыдата, хто найбольш будзе адпавядаць іх бачанню новай Беларусі. Да таго ж беларускае пытанне ў дачыненнях Вашынгтону і Масквы далёка не першае ў спісе прыярытэтаў.

Эдўард Лукас:

«Я думаю, што адміністрацыя Байдэна скажа еўрапейцам: «Разбярыцеся з гэтым». У адміністрацыі Байдэна шмат унутраных прыярытэтаў. А што датычыць вонкавай палітыкі, то шмат хто будзе зацікаўлены ў мабілізацыі міжнароднай дапамогі, каб стрымаць Кітай, і пасланне Еўрапейскаму Звязу будзе вельмі рэзкім: «Калі вы не можаце гэтага выправіць, што вы наагул можаце?»

Выправіць сітуацыю Брусель, аднак, намагаецца і праз непасрэдную дапамогу грамадзянскай супольнасці. Еўрапейскі Звяз пастанавіў ужо цяпер вылучыць ахвярам рэпрэсіяў, праваахоўным арганізацыям ды іншым ініцыятывам € 33 млн. Першую частку падтрымкі маюць накіраваць на пачатку новага года. Шматмільённую мэтавую грашовую дапамогу беларускаму грамадству рыхтуе таксама ўрад Германіі. А вось афіцыйны Менск страціў магчымасць атрымаць еўрапейскія крэдыты, агульная сума якіх летась дасягала ажно амаль € 1400 млн.

Юлія Лабанава, для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Sergei Sheleg / TASS / Forum

 

Стужка навінаў