Лукашэнка хоча зрабіцца другім Брэжневым


Пяты месяц працягваюцца агульнабеларускія пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі. Старшыня КДБ Іван Церцель пагражае распачаць масавыя забойствы пратэстоўцаў, а самазваны кіраўнік тым часам спрабуе прадаць людзям ілюзію зменаў. Як будзе рэалізоўваць свой план Лукашэнка і якой рэакцыі на гэта можна чакаць ад народу Беларусі ў бліжэйшай будучыні?

Зачыненыя межы, максімум кантролю над усімі дзяржаўнымі структурамі ды ўстановамі, татальная вайна супраць нацыянальнае сімволікі, шаленства дзяржаўнае прапаганды і безвыніковыя спробы навязаць ідэалогію нязгоднай бальшыні насельніцтва – у гэткім стане Беларусь падыходзіць да 2021 года. Пакуль рэжым паспяхова адбіваецца ад пратэстаў.

Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Вельмі важна, што сілавікі падпарадкаваныя Лукашэнку. Яны яму збольшага адданыя. Ва ўсялякім разе, яны выконваюць усе ягоныя загады і выяўляюць проста беспрэцэдэнтную жорсткасць. Вось за кошт гэтага рэжым усё-такі ўтрымаўся. І болей за тое – Лукашэнка трошкі прыбадзёрыўся і адсунуў думкі пра транзіт улады».

Што праўда, нелегітымны кіраўнік Беларусі ўсё яшчэ спрабуе супакоіць народ абяцаннямі зменаў у будучыні. Толькі пра якія змены гаворка – нікому дагэтуль не зразумела. Відавочна, што ніякіх маштабных рэформаў быць не можа, бо і без таго не самая стабільная сістэма пры нейкіх грунтоўных зрухах можа пачаць некантралявана развальвацца.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Абяцаю вам, усё будзеце вызначаць вы. Нікому не верце, што Лукашэнка робіць канстытуцыю пад сябе. Слухайце, ну куды пад сябе? І другое. Я нікуды не пабягу, каб вы ведалі. Ні-ку-ды».

Ну, супакоіў дык супакоіў. Аднак дзеля хоць бы захавання цяперашняга кантролю над сітуацыяй пры фактычнай адсутнасці істотнага вонкавага падтрымання Лукашэнку прыходзіцца спадзявацца выключна на нутраныя рэзервы сістэмы.

Блогер Сяргей Лаўрыненка адзначае:

«Не трэба недаацэньваць рэсурсы рэжыму. У тым плане, што ёсць кансалідаванае ядро. Мы бачым, як яно сфармавалася. Кола людзей, якія фактычна кіруюць краінай, сілавымі акцыямі і гэтак далей, якім няма чаго страчваць. І насамрэч – не так шмат трэба шмат рэсурсаў, каб іх падтрымліваць».

З іншага боку, ядравыя прыхільнікі рэжыму складаюць далёка не бальшыню ў сістэме, якая ніколі не прымала асабліва ініцыятыўных. Тое, што настроі не маналітныя, відаць хоць бы паводле пастаянных зліваў, што ідуць з розных сілавых структураў: ад відэазапісаў, дзе міліцыянты катуюць людзей, да прыватных размоваў вышэйшых асобаў. Гэта разумее і сам Лукашэнка. Таму і імкнецца пазбягаць канстытуцыйнага рэферэндуму: нават самаму заскарузламу ідэолагу ўжо зразумела – ніякае новае электаральнае кампаніі рэжым правесці проста не ў стане.

Аляксандр Класкоўскі сцвярджае:

«Лукашэнка цяпер прыкідвае два варыянты. Альбо зрабіць зусім касметычныя змены ў канстытуцыю, зацвердзіць іх на гэтым беларускім народным сходзе, і каб усё заставалася, як ёсць».

А нават паводле лукашэнкаўскіх законаў змены ў канстытуцыю ўсебеларускі народны сход не мае права прымаць.

Працягвае Аляксандр Класкоўскі:

«Магчыма, будзе больш складаны варыянт. Гэта значыць, усё ж такі створыць нейкую новую структуру, каб быў гэты пастаянна дзейны ўсебеларускі народны сход, а на чале прэзідыуму каб быў, як некалі на чале палітбюро ЦК КПСС «дарагі Леанід Ільіч Брэжнеў», цяпер будзе «дарагі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка». Каб яго не народ абіраў, а гэты ўсебеларускі народны сход».

Верагодна, што першы акт гэтага спектаклю ўлады захочуць рэалізаваць на пачатку новага году. Улічваючы тое, што бюджэт краіны на наступны год плануецца з дэфіцытам 4 мільярды рублёў, а сёлетні бюджэт гэткі ж дэфіцыт ужо зазнаў, хутка можна чакаць істотных праблемаў у сацыяльнай сферы, выдаткі на якую будуць скарачацца ў першую чаргу. Дадамо сюды той факт, што прэм’ер Раман Галоўчанка абвяшчаў пра магчымасць 10-адсоткавае інфляцыі сёлета. Таму ўжо ўвесну мы можам пабачыць уключэнне ў парадак дня пратэстаў і эканамічнага фактару.

Каментуе Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі:

«Людзі выступаюць за справядлівасць, дэмакратыю, хочуць узнаўлення нармальнага функцыянавання дэмакратычных інстытутаў у Беларусі. І гэта задае пэўную спецыфіку гэтаму пратэсту. То бок людзі не выступаюць за дабрабыт, за «вярніце нам кіўбасу», як гэта ў 90-я было. А вось гэтыя эканамічныя чыннікі, якія выштурхоўваюць людзей на вуліцу, – беднасць, не заўсёды гуляюць на баку дэмакратычных пераўтварэнняў і стабілізацыі».

Адпаведна, у рэжыму не застаецца ніякіх іншых метадаў уплыву на сітуацыю акрамя далейшага ўзмацнення рэпрэсіяў. Што патрабуе прыцягнення ўсё большых рэсурсаў, а таксама – яшчэ больш павялічвае напружанне ў грамадстве, пашырае пратэставую базу.

Сяргей Лаўрыненка сцвярджае:

«Для пэўнае часткі грамадства пратэст набывае ўжо свой асаблівы нутраны сэнс. То бок пратэст дзеля пратэсту – яны не могуць проста так пакласці ўсё і спыніцца. Так, людзі стаміліся, колькасць спадае арганічна, але гэта стварае нейкі пункт ціску на ўлады».

Разам з тым пратэставая актыўнасць беларусаў пакуль не ўяўляе адначаснае крытычнае пагрозы рэжыму, а выглядае хутчэй тэстам на трываласць як для сістэмы, гэтак і для грамадзянскае супольнасці. А тая ўсё больш умацоўваецца і выкарыстоўвае новыя фарматы пратэстаў.

Разважае Андрэй Ягораў:

«Гэтае дзеянне мусіць быць масавым – і мы гэтага дасягаем. Яно мусіць быць працяглым, дастатковым паводле працягласці, каб гэты рэжым зваліўся. І мы гэта дэманструем – у нас цярпення хопіць, каб арганізаваць працяглае дзеянне: чатыры месяцы паказваць, што людзі гатовыя змагацца. Але чаго мы не дасягаем – гэта блакаванне жыццёва важных функцыяў рэжыму. То бок ніводнага разу гэтыя пратэсты не блакавалі чагосьці жыццёва важнага для гэтага рэжыму, што б прымусіла яго пайсці на перамовы. Таму гэтую кропку трэба вызначыць, разумець і ажыццявіць кваліфікавана гэтае дзеянне».

Цяпер распрацоўванне такога плану і яго ажыццяўленне – пытанне палітычнае волі ды мэтанакіраванасці людзей. І выглядае на тое, што ўзровень абодвух гэтых складнікаў за апошні час істотна павысіўся ды будзе ўзрастаць надалей.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

 

Стужка навінаў