Мастацтва як нацыянальная тэрапія. Вольга Якубоўская сваімі карцінкамі з коцікамі лечыць людзей


Пасля трагічных падзеяў звязаных з выбарамі, мастачка Вольга Якубоўская не магла прыйсці ў сябе і пачала маляваць белых пухнатых коцікаў з бел-чырвона-белымі сцягамі у лапках, якія цяпер ведае кожны беларус.

«Гэта было жудасны стан стрэсу, гора, слёз, – прыгадвае падзеі тых дзён спадарыня Вольга. – І я гляджу, як Ніна са сцягам ідзе сярод гэтых агромністых людзей у чорным. Я падумала, вось у бабулі хапае моцы, мужнасці не зламацца, не сагнуцца, не рассыпацца, не сядзець у слязах, а браць і рабіць, што яна можа».

Малюнак з асабістага архіву Вольгі Якубоўскай

Так з’явілася карціна, якую цяпер ведае ці не кожны беларус: белы пухнаты коцік з бел-чырвона-белым сцягам у лапцы, а над ім навісаюць агромністыя ваўкі.

«Я малявала коціка, і, калі я яго намалявала, я зразумела, што гэта Ніна Багінская – тая самая, якую я даўно хацела намаляваць. А ваўкі намаляваліся неяк самі. Як фон атрымаліся, – распавядае пра сваю працу мастачка. – На самай справе ўсе разумеюць, што ваўкі вельмі добрыя ў параўнанні з тымі, каго я выяўляю».

З гэтае працы пачалася серыя Вольгі Якубоўскай, у якой цяпер больш за 20 карцінаў, прысвечаных падзеям і асобам апошніх месяцаў.

«Машу я не магла не намаляваць, таму што гісторыя на мяжы мяне вельмі ўразіла. Было шмат намалявана, і гэта добра, і я таксама вырашыла стварыць сваю працу на гэтую тэму, – распавядае Вольга пра карціну, прысвечаную Марыі Калеснікавай. – Маша ў мяне такая ўпэўненая атрымалася. Думаю, Маша ўзрадуецца гэтай працы, калі яе вызваляць нарэшце на волю і ўсё будзе добра».

Малюнак з асабістага архіву Вольгі Якубоўскай

Віктар Бабарыка, Алена Леўчанка, Вольга Хіжынкова, «Tor Band» і шмат хто яшчэ ўжо сталі персанажамі карцінаў Вольгі. З розных прычынаў выявы пакуль не трапілі да сваіх герояў. Перадаць творы атрымалася толькі Ніне Багінскай, Максіму Кацу ды маці Івана Красоўскага.

Вядома, што ў сваёй творчасці спадарыня Вольга не абмінула і трагічных падзеяў на Плошчы Пераменаў: смерці Рамана Бандарэнкі.

«Гэта карціна-боль. Я плакала, калі малявала яе, тут фарбы змешаныя са слязьмі. Гэта праўда. І я разумела, што плачуць усе. Усе, хто ведаў гэтую гісторыю. І мы наплакалі вось такі акіян, які можа стаць дзявятым валам. Чалавек жывы, пакуль яго памятаюць. Думаю, Рому будуць памятаць усе і заўжды».

Мaю прaвa
«Нас не замаляваць, не сцерці, не разарваць». Жыхары плошчы Пераменаў працягваюць барацьбу
2020.10.09 20:05

Праз неабходнасць хутка рэагаваць на падзеі спадарыня Вольга часам адчувае сябе мастачкай-рэпарцёркай. У планах – ушанаваць кожную групу, кожную асобу, якая стала на абарону правоў беларусаў.

«Купалаўцаў, канечне, намалюю, абавязкова! Проста тэатр і наагул мастацтва – гэта такая глыбокая тэма. Хацелася б нейкага сюжэту, а не тое, што проста коцік стаіць сярод ваўкоў. Хочацца глыбокага сэнсу, і я пакуль думаю над гэтым».

Вершы
Згубілі працу, але не згубілі сумлення – «Мая малітва» ад свабодных купалаўцаў
2020.11.09 19:49

Спачатку Вольгу агаломшыла цікавасць да ейных працаў, а цяпер яна разумее: карціны сталі для людзей пэўнаю тэрапіяй.

«Людзі бачылі гэтыя працы і яны разумелі, што ім гэта патрэбна. Можна глядзець з іншага пункту гледжання, не з боку болю і трагедыі, а зыходзіць з таго, што кепскае ўсё роўна скончыцца. І хочацца верыць, што нашае жыццё зменіцца да лепшага, – кажа на развітанне здымачнай групе «Маю права» Вольга Якубоўская. – Пакуль у мяне будуць сюжэты, я буду маляваць. І я мару намаляваць велізарную карціну, дзе будуць коцікі ўсіх колераў, формаў і відаў – як бы мы ўсе, і мы ўсе коцікі. Усе вельмі розныя і ўсе мы разам».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Салідарнасць з арыштаванымі… Бацькі гімназістаў аб’ядналіся, каб падтрымаць адзін аднаго
  • Творчасць за кратамі… Сын у турме малюе для маці паштоўкі
  • Усё ж такі дабудавалі… Шматдзетныя сем’і нарэшце пераехалі ў свае дамы

Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.