Як Вераніка Цапкала вырашыла дапамагаць рэпрэсаваным жанчынам


Вераніка Цапкала пачала арганізоўваць дапамогу беларускім жанчынам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Жонка Валера Цапкалы, незарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, прызналася ў інтэрв’ю Аліне Коўшык у Бруселі, што просіць на Захадзе фінансавую падтрымку ў межах свайго жаночага фонду. Вераніка Цапкала заявіла, што гатовая даць справаздачу за кожную капейку. Інтэрв’ю запісалі адразу пасля ўручэння ўзнагароды Еўрапейскага парламенту імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі дэлегацыі беларусаў. Сярод лаўрэатаў была і Вераніка Цапкала.

Ці маглі вы яшчэ год таму ўявіць, што адбудуцца такія падзеі, што вы станеце лаўрэаткай прэміі Сахарава?

Нават некалькі месяцаў таму мы пра такое не думалі. Шчыра кажучы, мы наагул не думалі ні пра якія ўзнагароды, ні пра міжнароднае прызнанне. Калі мы пачалі прэзідэнцкую кампанію, мы думалі толькі пра адно – тыя перамены, якія магчымыя будуць у Беларусі шляхам дэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта таму мы пайшлі ў гэтую кампанію.

Сёння яшчэ раз хацела б нагадаць усім нашых герояў. Тых, хто кінуў выклік рэжыму тады, калі рэжым быў моцны: мой муж Валерый Цапкала, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі. У траўні, калі пачыналася прэзідэнцкая кампанія, рэжым быў даволі моцны. Я памятаю, бо я ў кампаніі са сваім мужам з самага пачатку – 8 траўня 2020 года.

Абнаўляецца
Беларуская дэмакратычная апазіцыя атрымала прэмію Сахарава
2020.10.22 16:06

Я памятаю нашыя мітынгі, калі вельмі мала людзей прыходзіла. Людзі былі запалоханыя, баяліся, не верылі ў перамены. Я ўспамінаю частае пытанне: навошта вы гэта робіце? Вы ж ведаеце, што ўсё роўна нічога не зменіцца, выбары будуць сфальсіфікаваныя, а вы ўсё страціце. Усё роўна мы наважыліся пайсці. Мы адважыліся пачаць нешта рабіць, бо я стамілася ад размоваў, якія ў нас, як правіла, праводзяць на кухні. Калі людзі кажуць, як у нас дрэнна жыць, як парушаюць правы чалавека, колькі людзей сядзяць у турмах. Мы вырашылі перастаць гаварыць і пачаць рабіць. Я хацела б сказаць, што атрыманую ўзнагароду мы, натуральна, прысвячаем усім тым, хто ў турмах, хто выходзіць на вуліцы гэтыя апошнія чатыры месяцы.

Тут у Еўрапарламенце вы шмат казалі аб правах жанчын, правах рэпрэсаваных жанчын. Чаму цяпер гэта асабліва важна?

Гэтая тэма блізкая мне перш за ўсё таму, што я сама была часткай жаночага трыа. Не раз вы чулі, што ў рэвалюцыі ў Беларусі жаночы твар. Сапраўды, калі б не нашыя адважныя мужчыны Валерый Цапкала, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, не было б нас. Менавіта таму, што рэжым не зарэгістраваў кандыдатаў падчас прэзідэнцкай кампаніі, мы ўсталі замест нашых мужоў. Мы іх замянілі, разумеючы, што нам трэба працягваць рух, мы не павінны спыняцца. Калі я далучылася да Святланы Ціханоўскай, мы аб’ездзілі ўсю Беларусь. Тады мы сапраўды ўбачылі рэакцыю. Асабліва кранальная рэакцыя была з боку пажылых жанчын, бабуль, якіх мы бачылі на нашых мітынгах. Мы бачылі рэакцыю маладых дзяўчат, маладых мам, у якіх былі пытанні аб будучыні Беларусі, як гадаваць дзяцей у Беларусі, як жыць у Беларусі. Гэта вельмі цяжка, працуючы ў нашай краіне, – збіраць грошы на кватэру, збіраць грошы на будучыню дзяцей.

Hавiны
Валер Цапкала: Аляксандр Лукашэнка фізіялагічна непрыемны Уладзіміру Пуціну
2020.12.05 09:02

Калі кампанія скончылася, калі мы ўбачылі ўсю жорсткасць, якую рэжым ужываў, асабліва ў дачыненні жанчын, я пачала збіраць гісторый такіх жанчын. Я пачала збіраць гісторыі жанчын, якія выйшлі з турмы. Яны мяне сапраўды ўразілі да глыбіні душы. Большасці нашых жанчын, якія прайшлі праз турмы, патрэбная дапамога. Матэрыяльная і псіхалагічная, дапамога ў рэабілітацыі. Толькі разам мы зможам дапамагчы такім жанчынам.

Я вырашыла дапамагаць жанчынам, бо гэта найбольш уразлівая частка насельніцтва. Так, як у маім выпадку, рэжым выкарыстаў дзяцей супраць жанчын. Нас лягчэй выбіць з каляіны, чым тых жа мужчынаў. Яны ўсё ж мацнейшыя і псіхалагічна і маральна. У нас ёсць дзеці, якімі можна маніпуляваць, у нас ёсць мужы, у нас ёсць семʼі. Таму я вырашыла сфакусавацца на жаночым руху, на дапамозе нашым беларускім жанчынам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.

Вы правялі шмат сустрэчаў у Еўрапарламенце. Ці нейкія канкрэтныя крокі, дзеянні вы прывезяце ў дапамогу беларусам?

На ўсіх сустрэчах мы просім, каб еўрапейскія краіны не забывалі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, што тут парушаюцца правы чалавека, правы жанчын. Я прашу, каб яны асвятлялі падзеі, каб не забывалі пра Беларусь. Цяпер шмат падзеяў адбываецца ў свеце, але мы хочам, каб суседнія краіны, якія з намі мяжуюць, ведалі і бачылі выразную карцінку пра правы людзей у нашай краіне. Я прашу фінансавую дапамогу ў межах нашага жаночага фонду. Мы гатовыя даць справаздачу за кожную капейку. Мы гатовыя паказаць гісторыю жанчын, якім мы будзем дапамагаць. Мы пачалі весці перамовы. У мяне вельмі шчыльны графік сустрэчаў, я спадзяюся, што еўрапейцы ўсё ж адгукнуцца і дапамогуць нам у барацьбе за правы жанчын у Беларусі.

Hавiны
Вельмі важна, каб Захад зразумеў беларускі нацыянальны рух. Інтэрв’ю з былым амбасадарам у Нямеччыне
2020.12.12 16:05

Мы таксама сёння кажам пра прыняцце трэцяга пакету санкцыяў у Беларусі. Мы, вядома, перажываем расчараванне. Пакет нашмат меншы, чым мы чакалі. Як можаце ацаніць гэтае пытанне?

Несумненна, санкцыйны спіс недастатковы. Мы павінны разумець, што ўсе, хто быў датычны да парушэння заканадаўства і правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі і пазней, павінны быць уключаныя ў гэты санкцыйны спіс. Адпаведна гэта датычыць і дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не паважаюць правы рабочых, звальняюць рабочых, не даюць нармальна працаваць прафсаюзам. Я вельмі спадзяюся, што Еўрапейскі Звяз усё-ткі прыслухаецца, пачуе нас і пашырыць спіс тых дзяржаўных кампаніяў, якія павінны трапіць у санкцыйны спіс. А таксама спіс тых фізічных асобаў, якія да гэтага часу з нейкіх прычынаў не трапілі ў такія спісы.

Нам важна разумець, што мы маем справу з рэжымам Лукашэнкі. Каб дзяржаўныя кампаніі дадалі ў санкцыйны спіс, павінны быць выкананыя дакладныя крытэры. Ведаючы Лукашэнку і досвед папярэдніх гадоў, ён пачне ва ўсім вінаваціць апазіцыю. У тым, што заводы зачыняюцца, што няма фінансавання, што людзі губляюць працоўныя месцы. Каб гэтага пазбегнуць, нам трэба мець дакладныя крытэрыі. Каб кіраўнікі кампаніяў разумелі, што калі крытэрыі не будуць выкананыя, тады прадпрыемствы будуць у санкцыйным спісе. У гэтым выпадку Лукашэнка нікога не зможа абвінаваціць, акрамя сябе.

Hавiны
Святлана Ціханоўская пра санкцыі ЕЗ супраць Лукашэнкі: Гэта несур’ёзна
2020.12.18 07:31

Вы цяпер жывяце за мяжой. Адкуль вы атрымліваеце найбольшае падтрыманне? Адчуваеце сілу, якая да вас прыходзіць?

Сілу нам даваў і дае наш беларускі народ. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў нас быў шанец пабываць ва ўсіх гарадах Беларусі. Я ўпершыню пабывала практычна ва ўсіх гарадах Беларусі разам са сваім мужам, а пасля далучэння да Святланы і Марыі мы зноў жа пабывалі ў шмат якіх кутках Беларусі. Гэта, вядома, незабыўны досвед. Я бачыла тую энергетыку, жаданне памяняць краіну, якіх ніколі не бачыла. Я нарадзілася, усё жыццё пражыла ў Беларусі. Гэта дом для мяне, радзіма. Я беларуска, я ганаруся тым, што я беларуска. Той рух, узровень энергіі, якія мы ўбачылі гэтым летам, сапраўды даў нам сілы працягваць кампанію. Фізічна гэта было вельмі не проста. У нас было тры-чатыры мітынгі на дзень. Для людзей, якія па-за палітыкай, гэта было няпроста.

Тое, што я бачу цяпер, што адбываецца ў Беларусі, што пратэсты не зніжаюцца, што людзі сталі настолькі крэатыўныя і вынаходлівыя… Маршы пенсіянераў, жаночыя маршы, маршы студэнтаў і дактароў, журналістаў. Калі бачыш ўсё гэтае бяспраўе, што ў Беларусі прававы дэфолт, што законы напісаныя выключна для кіроўнай вяршыні, а не для грамадзянаў, то настойлівасць, салідарнасць, сіла дазваляюць нам таксама рухацца наперад. Дазваляюць не здавацца, таму што мы разумеем, што перамога вельмі блізкая. Нам трэба проста зрабіць дадатковы крок – і перамога будзе нашай.

Што самае галоўнае цяпер для нас, беларусаў?

Для нас, беларусаў, цяпер самае галоўнае – не здавацца. Працягваць мірны пратэст. Нам часта кажуць: вы разумееце, што чатыры месяцы ў Беларусі мірны пратэст, мо варта перайсці да больш агрэсіўных дзеянняў. Нельга. Мы не можам гэтага зрабіць, бо для Лукашэнкі гэта будзе чырвоная ануча. Неадкладна ўсе спецпадраздзяленні, АМАП атрымаюць загад на знішчэнне. Мы не можам гэтага дапусціць. Цяпер вочы ўсяго свету прыкаваныя да Беларусі. Усе захапляюцца тым, што адбываецца ў нас. Захапляюцца нашымі пратэстамі, як яны адбываюцца, нашымі людзьмі, настойлівасцю людзей, адвагаю ды імкненнем да свабоды. Калі раней можна было разагнаць пратэст, а на наступны дзень людзі не выходзілі, то цяпер адных людзей арыштоўваюць, іншыя людзі выходзяць замест іх. Аднаго лідара прыбіраюць, зʼяўляюцца дзясяткі новых. Гэта выклікае захапленне. Усё, што мы павінны рабіць, – гэта працягваць змагацца. Увесь свет нас падтрымлівае. Мы робім усё магчымае, не будучы ў Беларусі. Я захапляюся тым, што ў нас адбываецца ў краіне. Я ганаруся, што я беларуска. Я ведаю, што мы пераможам.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 17.12.2020

Калаж з фота: Celestino Arce Lavin / Zuma Press / Forum

 

Стужка навінаў