Вуліца, куды не совалася савецкая міліцыя


На вуліцы Базіснай, а дакладней вуліцах Базісных, адбылося тое, што ў СССР называлася «сціраннем межаў паміж вёскаю і горадам». Спачатку гэта стварыла крымінальную, а цяперака – утульную атмасферу.

Насамрэч у Менску не адна, а дзве вуліцы Базісныя: 1-я і 2-я. Як бонус – ёсць Базісны правулак. Памятаеце адрас: 3-я вуліца будаўнікоў, д. 25, кв. 12, чацверты паверх? Рэжысёр Эльдар Разанаў іранізаваў, што ў розных савецкіх гарадах былі аднолькавыя вуліцы. Менск можа пахваліцца цэлымі сем’ямі блізка размешчаных вуліцаў з падобнымі назвамі. Напрыклад, акрамя сямейства Базісных, ёсцека вуліца Тыражная разам з 1-м і 2-м Тыражнымі правулкамі ды Тыражным праездам.

Спярша раён вуліц Базісных, Сяльгаспасёлак, быў забудаваны невялічкімі прыватнымі дамкамі, і тут панавалі куры-гусі з коцікамі-сабачкамі. Але потым пачалі будавацца высокія шматкватэравыя дамы. Выглядае гэта прыкладна, як у фільме «Белыя росы», дзе горад паглынаў вёску.

У гэтым выданні тапаграфічна-іранічнай праграмы «Шыльды» аўтар і вядоўца Лявон Вольскі высветліць, што за «базіс» даў імя вуліцам Базісным, гісторык Уладзімір Плавінскі патлумачыць, па якім прынцыпе ў розныя часы Менскія вуліцы атрымлівалі назвы, а мясцовыя жыхары Зміцер і Мікіта распавядуць пра колішняе і сённяшняе жыццё на вуліцы Базіснай.

Ёсць яшчэ адна рэч, над якой заклікае задумацца аўтар: а што, калі пакінуць толькі адну вуліцу Базісную, Тыражную і гэтак далей, а рэшце даць імёны сапраўды слынных беларускіх асобаў?

Праграму «Шыльды» глядзіце кожную суботу а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!