За рэстаўрацыю помніка Міхаіла Жызнеўскага заплаціць «Белдзяржстрах»


Прадстаўнік дзяржаўнай страхавой кампаніі наведаў магілу беларускага героя «Нябеснай Сотні» ў вёсцы Сцяг Працы, што пад Гомелем. Яго выклікалі бацькі Міхася, каб ацаніць шкоду, якую нанеслі невядомыя вандалы помніку на магіле сына. Помнік быў застрахаваны.

«Страхоўшчык дэклараваў вярнуць усе страты на рэстаўрацыю пашкоджання. Левую палову помніка давядзецца дэмантаваць, адвозіць на шліфоўку, а пасля зноў вяртаць на ранейшае месца. Усё гэта абыдзецца страхавой кампаніі не ў адзін мільён рублёў, бо помнік у дзень устаноўкі мы адразу застрахавалі», – распавяла Ніна Жызнеўская «Радыё Свабодзе».

Першым, хто заўважыў, што помнік апаганілі невядомыя, была гомельская журналістка Наталля Крывашэй. Дзяўчына даглядае за магілаю. На мануменце цвіком было выдрапанае слова «предатель». Тады Наталля не захацела турбаваць бацькоў Міхася і наўпрост звярнулася да мясцовай міліцыі – напісала скаргу.


Міхася Жызнеўскага забілі ў студзені 2014 года падчас падзеяў на кіеўскім Майдане стрэлам у сэрца. Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай сотні, пасмяротна. Адзнаку асабіста забіралі бацькі Міхася з рук Пятра Парашэнкі.

Грошы на помнік герою збіралі, як кажуць, усім светам. Ахвяравалі і прадпрымальнікі, і рабочыя, і пенсіянеры. Сродкі прыходзілі з Беларусі, Злучаных Штатаў, Аўстраліі ды шмат якіх іншых краінаў. Усталявалі сёлета, на пачатку ліпеня. З таго часу магілу даглядалі бацькі Міхася ды мясцовыя валанцёры.

belsat.eu

Стужка навінаў