За музычную дзейнасць Віталя Гуркова звольнілі з Мінспорту. Пад пагрозаю ўдзел у чэмпіянаце свету


Адзін з вакалісітаў гурта «Brutto» і сусветнавядомы баец, які ў сакавіку чарговы раз стаў чэмпіёнаў краіны па тайскім боксе, можа не паехаць на чэмпіянат свету IFMA па муай-тай, які стартуе 19 траўня ў Швецыі.

Пасля года гастроляў у складзе музычнага калектыву Віталь Гуркоў вярнуўся на рынг і ўпэўнена перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Акурат на гэтых спаборніцтвах адбіралі ўдзельнікаў сусветнага першынства. Здавалася б, дзесяціразовы чэмпіён планеты і сусветная зорка муай-тай Віталь Гуркоў павінен быць адным з першых у спісе кандыдатаў на паездку ў Швецыю.

Як высветліла Euroradio, баец больш не на стаўцы ў Мінспорце і дзяржава не плаціць Заслужанаму майстру спорту зарплату.

«Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў зарплату, а да таго ж ведаў, што на мяне заўжды ёсць фінансаванне. Але некаторыя члены Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу вытравілі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат – пад пытаннем. Фінансаванне дагэтуль не знайшлі. Хоць я ў добрай форме. Без пытанняў перамог на чэмпіянаце Беларусі, хоць адпрацаваў акуратненька, каб зноў адчуць рынг і прадыхацца. Таму што пасля траўмы ў мяне баёў не было», – выказваецца Гуркоў.

Як патлумачыў Гуркоў, афіцыйна ён сышоў па згодзе бакоў. Спачатку нікому ягоная дзейнасць у Brutto не перашкаджала. Усё змянілася летась, калі старшынём Федэрацыі муай-тай і кікбоксінга стаў генерал-маёр унутраных войск МУС Юрый Караеў.

«На адным з пасяджэнняў Федэрацыі абмяркоўвалі артыкулы з разнастайных сайтаў. Быў там і мой фотаздымак з капай, на якой выяўлена «Пагоня». Сітуацыю выставілі так, што ў зборнай вораг, ледзьве не экстрэміст і апазіцыянер. Мяне доўга схілялі напісаць заяву па ўласным жаданні. Я гэтага не зрабіў. У выніку мы дамовіліся з Караевым, што я дапрацую да канца кантракта і сыду. У Мінспорту майму рашэнню былі шчыра здзіўленыя, прапаноўвалі застацца. Але рашэнне ўжо было прынятае».

Паводле Гуркова, да яго не аднойчы выказвалі прэтэнзіі за гістарычныя перапосты ў Фэйсбуку. У прэзідыуме Федэрацыі з’явіліся незразумелыя людзі, якія сачылі за яго перасоўваннямі, маніторылі інтэрнэт і збіралі на спартсмена кампрамат.

Баец упэўнены ў сваіх сілах, і нягледзячы на гастролі і выступы, працягвае трэніровачны працэс.

Галоўны трэнер зборнай: «Канчатковае рашэнне будзем прымаць на зборах»

Справу пракаментаваў галоўны трэнер зборнай Міхаіл Сцяпанаў. Паводле яго, у алімпійскі год тайбаксёры маюць праблемы з фінансаваннем і вельмі пільна падыходзяць да пытання выбару ўдзельнікаў чэмпіянату свету. А ў сітуацыі з яго выключэннем са складу штатнай каманды тайбаксёраў Гуркоў нібыта вінаваты сам, бо «выбраў музычную дзейнасць».

У Мінспорту заявы Віталя Гуркова сталі нечаканасцю, хоць канкрэтна гэта ведамства баец не крытыкуе. Падчас атэстацыі нацыянальнай каманды, дзе чэмпіён страціў сваю стаўку, ён не выказваў прэтэнзій.

«Пытанне толькі ў фінансах – атрымаецца знайсці для Гуркова грошы на чэмпіянат свету ці не атрымаецца», – адзначылі Еўрарадыё ў Мінспорту.

У дадзены момант Гуркоў уваходзіць у так званы пераменны склад зборнай. Уваходзіць у пастаянны склад ён не можа толькі таму, што не стаіць на стаўцы ў Мінспорту.

Усе сродкі кінутыя на Алімпіяду-2016. Муай-тай хоць і папулярны від спорту, але не ўваходзіць у алімпійскую праграму, таму пры сённяшніх абставінах лагічна, што Федэрацыя сутыкнулася з няпростай задачай знайсці поўнае фінансаванне на паездку нацыянальнай каманды. Што праўда, і Гуркоў не шараговы баец, а адзін з самых тытулаваных байцоў ва ўсёй гісторыі чэмпіянатаў свету па муай-тай.

belsat.eu паводле euroradio.fm

Стужка навінаў