Кроў. Масаж. Каханне. Новыя факты жыцця Алаізы Пашкевіч


Жахі рэальнасці могуць быць настолькі вялікімі, што часам не хочацца жыць. Як добра, калі ў гэты момант побач імпэтная, яркая, самаахвярная жанчына – такая, як Алаіза Пашкевіч.

Алаіза Пашкевіч, больш вядомая пад псеўданімам Цётка, – першая жанчына-зорка беларускай літаратуры. Зусім юны пісьменнік Максім Гарэцкі, які прайшоў жахі 1-ае сусветнае вайны, не хоча жыць, для яго лепей памерці, чым спаткацца з рэчаіснасцю. У той самы час пасля здушэння рэвалюцыі 1905 года шмат хто з сяброў Цёткі быў забіты ды арыштаваны.

«Як ты думаеш, што тады адчувала я? Калі сябры праз маю пісаніну ішлі на верную смерць? Ці змог бы ты з гэтым жыць? Ты так часта пісаў пра смерць, што нават у доктара прасіў цыяністага калію. (…) Жыць не мае сэнсу, кахання няма, сухоты точаць, беларуская справа табе не цікавая, а з годам надакучала», – даводзіць Максіму Гарэцкаму Алаіза Пашкевіч тое, што не толькі ён спазнаў пекла.

Жыццё і смерць, нявер’е ва ўласныя сілы і апошняя спроба вярнуць сабе і бліжняму моц, каб фізічна і маральна захавацца. Алаіза Пашкевіч у скрусе ўзгадвае героя свайго апавядання сірату Міхаську – беднага сялянскага хлопчыка, які, як беларуская нацыя, нараджаўся ў пакутах, быў слабы і ад самага пачатку прайграваў выклікам лёсу.

Ці атрымаецца ў Алаізы Пашкевіч вярнуць Максіму Гарэцкаму цягу да жыцця, натхніць яго і вярнуць веру ў беларускую справу? Якую ролю ў гэтым адыгрывае патрыярх беларускага руху Іван Луцкевіч? Усё гэта – у новым фільме «Лабірынты».

НІ, belsat.eu