У Беларусі праходзяць акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Людзі выходзяць у Менску, Горадні, Магілёве, Лідзе, Бабруйску.
00:30. Мы завяршаем сённяшні онлайн, беражыце сябе і заставайцеся з «Белсатам».
00:25. Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна» 23 верасня былі затрыманыя больш за 200 чалавек, якія пратэставалі супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Спіс затрыманых абнаўляецца.
00:15. Паміж станцыямі метро Спартыўная і Кунцаўшчына па вул. Прытыцкага ідуць затрыманні.
00:09. Каля дзясятка мікрааўтобусаў АМАПу ў раёне станцыі метро Малінаўка.
23:59. Калоны тэхнікі зʼязджаюць з Менску, у дварах працягваюцца кропкавыя затрыманні – піша Тэлеграм канал motolkohelp
23:40. На Пушкінскай працягваюцца затрыманні, піша TUT.BY.
23:30. АМАП зачышчае месца пратэсту ў Серабранцы, паводле відавочцаў былі гукі выбухаў. Таксама сілавікі стаяць ў раёне метро Пушкінская.
23:10. Перыядычна пратэстоўцы перакрываюць рух у розных раёнах гораду. Заблакаванае скрыжаванне праспекту Ракасоўскага вуліцы Пляханава. Таксама зноўку затор на Прытыцкага ў раёне станцыі метро Спартыўная.
22:35. Заблакаваныя дарогі ў мікрараёне Лебядзіны і ў раёне станцыі метро Спартыўная, піша Тэлеграм канал NEXTA.
22:30. Аднавіліся затрыманні ў раёне станцыяў метро Усход і Няміга.
22:00. У Менску працягваюцца акцыі пратэсту ў розных раёнах гораду. Вялікая колькасць сілавікоў каля станцыі метро Пушкінская. Спынены аўтамабільны рух каля Нацыянальнай бібліятэкі і ў раёне станцыі метро Няміга. Таксама пратэстоўцы перакрылі праезджую частку вуліцы Ангарскай.
Затрыманні ў раёне станцыі метро Няміга адбываліся пад кіраўніцтвам начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалая Карпянкова.
20:36. У раёне Пушкінскай ужылі слезацечны газ.
20:31. Толькі што на Пушкінскай прагучала 2 выбухі. Зараз туды едзе вялікая колькасць АМАПу і вадамёт.
21:28. Журналістка TUT.BY Алена Талкачова затрыманая. Яе затрымліваў кіраўнік ГУБАЗіК Мікалй Карпенкаў. Яе адпусцілі праз некалькі хвілінаў.
21:15. Пратэстоўцы перакрылі дарогу ў Серабранцы, каля станцыі метро Усход, перадаюць Telegram-каналы.
21:10. Пратэстоўцы заблакавалі вуліцу Кальварыйскую, піша TUT.BY.
Ланцуг салідарнасці паміж метро Каменная Горка і метро Кунцаўшчына.
20:50. У раёне станцыі метро Няміга працягваюцца затрыманні. Працуюць таксама сілавікі ў цывільным з гумовымі дубінкамі.
20:40. Затрыманні ў раёне Нямігі.
Ланцуг салідарнасці ў Менску каля метро Малінаўка. Фота зроблена ў 20:00.
20:35. Праваабарончы цэнтр «Вясна» абнаўляе спіс затрыманых сёння па ўсёй Беларусі. Вось ён
20:30. Вайскоўцы са шчытамі ставяць агароджу вакол стэлы, піша TUT.BY.
20:15. Берасце. Пасля разгонаў і затрыманняў каля 200 чалавек зноў сабраліся каля кінатэатру «Беларусь», падае наш карэспандэнт.
20:10. АМАП ужыў газ падчас затрыманняў каля ГЦ «Галерэя».
19:55. Некалькі сотняў пратэстоўцаў каля ГЦ «Галерэя». Уваход у гандлёвы цэнтр зачынены.
19:50. У розных раёнах Менску ідуць затрыманні. У прыватнасці, АМАП працуе каля станцыі метро «Пушкінская».
Пратэсты ў раёне стэлы скончыліся затрыманнямі і збіццём удзельнікаў акцыі.
19:30. Сотні сілавікоў і дзясяткі машынаў спецтэхнікі ў раёне гандлёвага цэнтру «Галерэя».
Карэспандэнт «Еўрарадыё» кажа, што гэта самы жорсткі стрым, які яму даводзілася весці.
19:23. Амапаўцы крычаць людзям, якіх адцяснілі ад Стэлы: «Сыходзьце, сёння будзе балюча!» – піша «Наша ніва».
19:20. Пачаліся затрыманні ў раёне стэлы. Сілавікі ўжылі вадамёты.
19:10. Каля стэлы «Менск – горад герой» збіраюцца людзі, некаторыя з іх выйшлі на праезджую частку.
Цэнтральная частка Менску перакрытая супрацоўнікамі міліцыі.
А 18-ай гадзіне па Менску ўздоўж праспекту Незалежнасці ў раёне Дому ўраду стаялі ланцугі байцоў унутраных войскаў са шчытамі. Неўзабаве ачапленне было знята.
На 18-ую гадзіну сёння анансаваныя акцыі пратэсту з нагоды таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі.
Раніцаю 23 верасня Лукашэнка ўступіў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці. На цырымонію, якую публічна не анансавалі, былі запрошаныя некалькі сотняў чалавек.